У Мінску новы жылы дом апынуўся на мяжы разбурэння

11.01.2011 12:41
Архив Редакция

Пяціпавярховы жылы дом 2000 года пабудовы па вуліцы Радыяльнай у Мінску апынуўся на мяжы разбурэння, не вытрымаўшы снегападаў, маразоў і адлігі. "Усіх, хто як і я, жыве на апошнім паверсе, залівае! Сцены, як губка, набрынялыя вадой", — распавядае адзін з жыхароў.

«Вось глядзіце, гэта з’яўляецца тут, як толькі на вуліцы ідзе снег або дождж, — распавёў мужчына, паказваючы на чорную пляму на столі пакоя. — Сказаць, што працякае дах, гэта нічога не сказаць. Не паспяваем клеіць шпалеры. Вада па жырандолі тоненькім струменьчыкам сцякае прама на наш ложак. Улетку ў ложку былі проста лужыны!»

«Але самае жудаснае ў іншым пакоі», — малады чалавек прапануе прайсці ў дзіцячы. Тонкі провад ад выкручаный лямпачкі стрэлкай накіраваны ўніз, дзе стаіць таз. Камп’ютарны стол адсунуты ад сценкі. Па словах жыхара, гэта ён рыхтуецца да адлігі.

«Снегу за выходныя шмат намяло, а цяпер на вуліцы +3. У мінулым годзе недагледзіў, дык вада з даху вывела са строю не толькі камп’ютар і тэлефон, але і сапсавала сцены, паркет і мэбля. Давялося зноўку рабіць рамонт. Я бы і на дах залез, каб скінуць снег або адрамантаваць яго, але там няма спецыяльных агароджаў, спуск круты, можна ўпасці. Страшна…», — цытуе мужчыну «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Па словах жыхара, дзесяць гадоў таму, заязджаючы ў новы дом (кватэры у якім былі набытыя за ўласныя сродкі жыхароў), навасёлы вырашылі закрыць вочы на ўсе недаробкі будаўнікоў — маўляў, самі з рукамі, адрамантуем. Ніхто нават не здагадваўся, што праблемы з гадамі толькі пагоршацца.

Дом знаходзіцца на балансе завода «Белкамунмаш», жыхары штомесяц плацяць па 20 тыс. рублёў за абслугоўванне. Але ў завода няма сродкаў на рамонт даху. Будаўнікі, якія здалі дом з відавочнымі недаробкамі, даўно кудысьці зніклі, ЖРЭА не адмаўляецца ад абслугоўвання дома, але ў кантракце з жыхарамі ўказана, што за дах жыллёвыя службы не нясуць ніякай адказнасці. Прыбраць, памыць, адрамантаваць фасад — калі ласка, а вось за тое, што вышэй, ніхто не адказвае.

Па словах мужчыны, ён нават застрахаваў кватэру ад падобных выпадкаў, але леташні патоп прынёс столькі бедаў, што нават страхавая кампанія не змагла пакрыць шкоду цалкам. Давялося не толькі рамантаваць пакой, але і мяняць мэблю.
 
Мужчна паказвае цэлы пачак лістоў — перапіску, дзе гаворыцца аб тым, што пытанне пастаўлена на кантроль і будзе вырашана ў найбліжэйшы час. Але верыць гэтаму ці не, ён ужо не ведае. Пакуль яго мучыць іншая праблема: хто з суседзяў у чарговы раз зможа даць прытулак ягонай мэблі і тэхніцы, калі прыйдуць новыя снегапады.

«Гісторыя з дахам гэтага дома нам ужо вядомая, — распавяла інжынерка вытворчага аддзелу ЖРЭА Партызанскага раёна Вераніка Салтыкова. — Ліст ад жыхароў знаходзіцца на кантролі ў адміністрацыі Партызанскага раёна. Рамонтам будзе займацца завод «Белкамунмаш», але ў вясенне-летні перыяд, калі надвор’е будзе дазваляць».

У Мінску праз снег абвальваюцца пад’езныя брылі

10 студзеня раніцай жыхары дома па вуліцы Кальцова 3 з цяжкасцю маглі выйсці са свайго дома — у першым і другім пад’ездах праз снег абваліліся брылі. Ніхто не пацярпеў.

«Каля 07:30 мне з ганка патэлефанавала дачка і паведаміла, што ў нас у пад’ездзе паваліўся брыль, — распавяла жыхарка дома. — А калі я выйшла на вуліцу, то ўбачыла, што брыль абрынуўся яшчэ і ў суседнім пад’ездзе, заблакаваўшы ўваход».

Год таму дом пасля рэканструкцыі (два старыя двухпавярховікі аб’ядналі ў адзін пяціпавярховы дом, надбудаваўшы мансарды) здалі ў эксплуатацыю. Над кожным пад’ездам зрабілі брыль, які мацуецца да сцяны дома анкернымі баўтамі.

«Канструкцыя сама па сабе цяжкая, і яна не вытрымала вагі наледзі і снегу, якія зваліліся з даху, — распавяла дырэктарка КУП ЖЭУ-8 Таццяна Чыгір. — Але брылі не абваліліся: зламаліся крапежныя баўты і яны павіслі над дзвярамі, таму канструкцыі давялося дэмантажаваць. Мы адразу сабралі камісію, у якую ўвайшлі і прадстаўнікі кампаніі забудоўшчыка ЗАТ «Арэса-Сэрвіс-Лад». Было вырашана тэрмінова аднавіць дзве канструкцыі, што абваліліся, і ўсталяваць падпоры для астатніх. Прадстаўнікі забудоўшчыка не адмаўлялі сваёй віны. Бо калі ад удару снегу разваліўся брыль, значыць, яго канструкцыя не разлічана на такую нагрузку».

«Калі самалёт падае — гэта збег абставінаў. Так і тут. Паправім…», — паведаміў прадстаўнік ЗАТ «Арэса-Сэрвіс-Лад» Юры Каралёў.

Как вам новость?
Головоломки