У дзіцячым «Еўрабачанні-2010» прымуць удзел маладыя таленты з 14 краін

28.07.2010 16:37
Архив Редакция

Маладыя таленты ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў з 14 краінаў прымуць удзел у міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2010", які пройдзе ў Мінску 20 лістапада. У восьмым па ліку дзіцячым «Еўрабачанні» упершыню возьмуць удзел прадстаўнікі Латвіі і Малдовы, а Літва і Швецыя адновяць удзел пасля працяглага перапынку.

Акрамя гаспадыні конкурсу — Беларусі (BTRC), у дзіцячым «Еўрабачанні» прымуць удзел Арменія (AMPTV), Бельгія (VRT), Македонія (MKRTV), Грузія (GEGT), Латвія (LTV), Літва (LRT), Мальта (PBS), Малдова (TRM), Нідэрланды (AVRO), Расія (RTR), Сербія (RTS), Швецыя (SVT) і Украіна (NTU).

У параўнанні з мінулым годам спіс удзельнікаў павялічыўся: у конкурсе, які праходзіў у Кіеве, прынялі ўдзел маладыя таленты з 13 краін, паведамляе tvr.by.

Свантэ Стокселіус, выканаўчы дырэктар конкурсаў песні «Еўрабачанне», адзначыў: «Нашы беларускія калегі рыхтуюць шыкоўнае шоў для мільёнаў сем’яў па ўсёй Еўропе. Акрамя ўдзелу найлепшых маладых выканаўцаў кантынента ў выдатным шоў, мы рыхтуем і незабыўны тыдзень, поўны весялосці і сяброўства для ўсіх удзельнікаў».

У мінулым годзе перамогу ў конкурсе атрымаў Ральф (Ralf Mackenbach) з Нідэрландаў з песняй «Click Clack». Але, на адрозненне ад «дарослага» конкурсу песні «Еўрабачанне», дзе шоў арганізуе краіна-пераможца, сталіцу дзіцячага конкурсу выбірае Еўрапейскі Вяшчальны Саюз. Летам 2009 года Белтэлерадыёкампаніі было даручана правесці шоў-2010.

З падрабязнай інфармацыяй аб конкурсе можна азнаёміцца на афіцыйным сайце www.junioreurovision.tv.

Как вам новость?
Головоломки