Лукашэнка: з боку Расіі ідзе нейкі незразумелы ціск

22.06.2010 15:52
Архив Редакция

З боку расійскага кіраўніцтва ідзе нейкі незразумелы ціск. Такую пазіцыю агучыў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, закранаючы пытанні стварэння Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. "Мне сёння незразумелыя паводзіны кіраўніцтва Расіі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар адзначыў, што Мытны саюз трох краін павінен будавацца без выняткаў і абмежаванняў на аснове раўнапраўя ўсіх партнёраў, паведамляе БелТА. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, калі рашэнне ўвесці мытную пошліну на нафту ў якасці выключэння з Мытнага саюза «яшчэ ў нейкай меры было зразумела», то незразумелым з’яўляецца тое, што «нам ўводзяць мытную пошліну, прадаючы нафту ў два разы даражэй, чым Казахстану».

«Аднак Казахстан і сам не толькі здабывае нафту, але і экспартуе яе, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Такая выбіральная пазіцыя да партнёраў у Мытным саюзе абсалютна незразумелая. Добра, гэта не нашая справа, але чаму такое стаўленне ў Мытным саюзе да аднаго партнёра і зусім іншае — да іншага. Я гэтага не разумею».

Прэзідэнт Беларусі ў гутарцы з кіраўніком МЗС Расіі адзначыў, што прапаноўваў расійскаму кіраўніцтву пайсці далей і прыбраць розныя абмежаванні па аўтамабілях, увозе адзення і іншых таварных групах. «Мытны саюз павінен будавацца без выняткаў і абмежаванняў, а таму трэба здымаць і мытныя пошліны», — яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар нагадаў, што прапанаваў у ходзе перамоваў па стварэнні Мытнага саюза ў якасці першага кроку адмяніць з першага ліпеня гэтага года пошліны на нафтапрадукты, а на нафту — з першага студзеня наступнага года. Аднак, па словах прэзідэнта, кіраўніцтва Расіі не пайшло і на гэтую прапанову.

Как вам новость?
Головоломки