Чацвярых беларускіх турыстаў накрыла лавінай у Расіі

10.03.2010 09:40
Архив Редакция

Чацвярых беларускіх турыстаў накрыла снежнай лавінай у горным масіве Лавазерскі Мурманскай вобласці. На дадзены момант на месцы здарэння вядуцца пошукавыя працы з удзелам 22 выратавальнікаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе галоўнага кіравання МНС Расіі па Мурманскай вобласці.

Трэцяга сакавіка група беларускіх турыстаў у складзе шасці чалавек прыбыла ў перадгор’е Хібін. Група не зарэгістравалася ў Мурманскім пошукава-выратавальным атрадзе, як таго патрабуюць меры бяспекі.

Восьмага сакавіка а 14:30 у пазначаным раёне зафіксавалі сход снежнай лавіны. У выніку пад снегам апынуліся чацвёра турыстаў, двое маладых людзей 1981 і 1989 гадоў нараджэння здолелі выратавацца, паведамляе БелТА.

Напачатку маладыя людзі ўласнымі сіламі спрабавалі знайсці сваіх таварышаў, але пасля беспаспяховых спроб накіраваліся па дапамогу ў бліжэйшы райцэнтр, куды змаглі дабрацца толькі да вечара дзявятага сакавіка.

У галоўным кіраванні МНС паведамілі, што пошукавыя працы ўскладняюцца дрэннымі ўмовамі надвор’я. На дадзены момант чацвёра беларускіх турыстаў, сярод якіх дзве дзяўчыны, лічацца зніклымі без весткі.
 

Как вам новость?
Головоломки