Аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) шукае памяшканне для правядзення 12 верасня перадвыбарчай канферэнцыі і ўстаноўчага з'езду. Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі накіраваў 14 лістоў у розныя ўстановы з просьбай даць пляцоўку для мерапрыемстваў.
Запыты былі накіраваныя ў Палац Рэспублікі, Палац культуры МАЗ, Палац культуры МТЗ, ДК «Сукно», кінатэатр «Цэнтральны» і інш «Мы памятаем, як гэтыя пытанні вырашаліся на мінулых з’ездах, калі памяшканне давалі за пару дзён да з’езду, але мы зрабілі ўсё, што ад нас залежыць, для вырашэння гэтай праблемы», — пракаментаваў Дзяніс Садоўскі.
Мяркуецца, што на канферэнцыі БХД, акрамя пытання рэгістрацыі партыі, будзе зацверджана перадвыбарная стратэгія і палітычная платформа ў перадвыбарчай кампаніі 2010-2011 гадоў. Таксама ўдзельнікі з’езду плануюць прыняць канчатковае рашэнне адносна кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі ад партыі, распавялі ў БХД.
У верасні адбудзецца ўжо трэці ўстаноўчы з’езд партыі. Два папярэднія адбыліся ў 2009 годзе, аднак мінюст адмовіў у рэгістрацыі БХД.