У той час, калі беларус накіроўваўся ў раздзявальню, лік ужо быў на карысць гасцей 1:0. На гэтым кепскія навіны для «Каларада» не скончыліся, і ў выніку каманда працягнула жудасную серыю зусім няўдалых гульняў — параза 2:7 на сваім лёдзе. Пятая перамога запар дазволіла першай НХЛаўскай камандзе Руслана Салея, «Анахайму», стварыць двухачковы гандыкап ад ідучага 9-м «Нэшвіла».
Тыднем раней, на сваім лёдзе дэнверцы таксама былі моцна біты — «Эдмантанам» 1:8. Цікава, што і тую сустрэчу беларус прапускаў з-за пашкоджання. Гэта — яшчэ раз да размовы аб ролі Салея ў абарончых пабудовах «лавін».
З іншых навін, якія датычацца беларусаў, можна адзначыць, што і надалей Фартуна ў выглядзе супернікаў-канкурэнтаў працягвае браць бок «Манрэаля». Іх галоўны канкурэнт за барацьбу за восьмы радок ізноў саступіў: «Фларыда» прайграла «Бафала» 3:5, пакінуўшы адлегласць да «канадцаў» былой — два ачкі.
Перарвалі серыю перамог і «сенатары» з Аттавы, якія ўсё яшчэ маюць тэарэтычныя шанцы пазмагацца за месца ў плэй-оф. Праўда, пасля паразы 1:2 у гасцях ад палепшыўшай свой стан «Караліны», яны яшчэ больш імкнуцца да нуля.
Сёння ўначы «Манрэаль» будзе мець магчымасць яшчэ больш палепшыць свае шанцы на плэй-оф: яны прымуць дома аўтсайдэра «Тампу-Бэй». Да гульні рыхтуюцца абодва браты Касціцыны.