Ізраільскія эксперты даследавалі падарваную ў мінскім метро прыладу

18.04.2011 09:49
Архив Редакция

Група ізраільскіх паліцэйскіх экспертаў, якая займалася даследаваннем механізму дзеяння прылады, ўзарванай падчас тэракту 11 красавіка ў мінскім метро, 17 красавіка скончыла сваю працу ў Беларусі. У справаздачы кіраўніка групы капітана Ігара Пекермана адзначаецца, што рэчавыя доказы, якія выявілі беларускія спецыялісты на месцы выбуху, адпавядаюць тыпу прылады, узарванай на станцыі метро "Кастрычніцкая". Тып выбухной прылады ў паведамленні амбасады не называецца.

Кіраўнік ізраільскіх экспертаў перадаў справаздачу часоваму паверанаму ў справах амбасады Ізраіля ў Беларусі Асафу Браху. Па законах Ізраіля паліцэйскія эксперты не мелі права сустракацца з прадстаўнікамі СМІ падчас работы на месцы тэракту.

Дэлегацыя ізраільскіх экспертаў прыбыла ў Мінск 12 красавіка па запрашэнні беларускіх уладаў. У склад дэлегацыі ўвайшлі сем чалавек: медыцынскія эксперты, эксперты ў галіне барацьбы з тэрорам, паліцыянты спецыялісты па апазнанні парэшткаў, прадстаўнікі службы агульнай бяспекі. Зыходзячы з сваёй спецыялізацыі, ізраільскія крыміналісты даследавалі механізм дзеяння выбухной прылады, але не займаліся непасрэдна пошукамі тэрарыста.

Адразу ж па прыбыцці ў Мінск эксперты адправілася на месца тэракту, дзе ўжо працавалі беларускія спецыялісты. Кіраўнік ізраільскай дэлегацыі высока ацаніў працу сваіх беларускіх калегаў. У справаздачы ён падкрэсліў, што «спосабы расследавання злачынства або тэрарыстычнага акту аднолькавыя ва ўсіх краінах». У ізраільскім пасольстве таксама паведамілі, што Ігар Пекерман адзначыў «сістэматычнасць і зладжанасць, якія дазволілі беларускім службам пры расследаванні выбуху не ўпусціць ні найменшай дэталі датычна выбухной прылады».

«У час працы ў Беларусі ізраільскія эксперты атрымлівалі ўсё неабходнае садзейнічанне ад беларускіх службаў. Для нас было вельмі важна тое, што станцыя «Кастрычніцкая» была зачынена і да нашага прыезду не функцыянавала. Мы разумеем, наколькі нехарактэрна спыняць працу такой важнай і загружанай станцыі метрапалітэна ў чаканні прыезду замежных спецыялістаў», — адзначыў у сваёй справаздачы Ігар Пекерман.

Как вам новость?
Головоломки