У Гомельскім абласным выбаркаме апазіцыі не будзе

27.09.2010 14:59
Архив Редакция

Прадстаўнікоў апазіцыі не ўключылі ў склад Гомельскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Такое рашэнне было прынята 27 верасня на пасяджэнні па фармаванні камісіі. Сваё жаданне ўвайсці ў склад абласной камісіі выказвалі прадстаўнікі структур Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі і партыі левых "Справядлівы свет".

Як распавёў сябра АГП Уладзімір Кацора, пры фармаванні камісіі прадстаўнікі аблвыканкама растлумачылі, што перавага аддаецца тым, у каго ёсць практычны досвед працы ў выбарчых камісіях.

У выніку аблвыканкам сфармаваў камісію з 13 чалавек. Туды трапілі прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і Камуністычнай партыі Беларусі, перадае БелаПАН.

«Беларускія выбары заўсёды праходзяць без апазіцыі. Не сталі выключэннем і гэтыя. Было б дзіўна, калі б прадстаўнікоў апазіцыі ўключылі ў камісію», — заявіў Уладзімір Кацора.

«Улада спрабуе абставіць працэс ўключэння ў камісію дэмакратычна. Бо нават не адну траціну, а дзве траціны ў створанай камісіі аддалі прадстаўнікам партый і праўладных грамадскіх аб’яднанняў. Але гэта добрая міна пры дрэннай гульні», — дадаў член АГП.

Как вам новость?
Головоломки