У ЕС заклікалі Лукашэнку неадкладна адмяніць смяротныя прысуды

18.05.2010 12:21
Архив Редакция

Рада Еўропы выступіла з асуджэннем вынясення апошніх двух смяротных прысудаў у Беларусі і заклікала прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку іх адмяніць. Як адзначыў генсакратар РЕ Турб'ерн Ягланд, гэтыя прысуды "кажуць пра неабходнасць тэрмінова абвясціць мараторы на смяротнае пакаранне" ў Беларусі.

«Ужыванне смяротнага пакарання па-ранейшаму з’яўляецца галоўнай перашкодай у стасунках Беларусі з Радай Еўропы. Мы гатовыя аказаць садзейнічанне ў рашэнні гэтага пытання і дапамагчы Беларусі стаць бліжэй да стандартаў Рады Еўропы ў галіне правоў чалавека», — падкрэсліў кіраўнік Рады Еўропы.
Неадкладна адмяніць апошнія смяротныя прысуды беларускага лідара заклікалі і старшыня Камітэта міністраў Рады Еўропы Антоніа Мілашоскі і кіраўнік Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Меўлют Чавушоглу, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Рады Еўропы.
Акрамя таго, еўрапейскія палітыкі заклікалі афіцыйны Мінск «неадкладна ўвесці мараторы на смяротнае пакаранне і замяніць усе смяротныя прысуды на іншыя віды пакарання». Па іх меркаванні, такія крокі паспрыяюць набліжэнню Беларусі да стандартаў Рады Еўропы.
«Ужыванню смяротнага пакарання няма месца ў пенітэцыярнай сістэме сучаснага грамадства. Гатовасць неадкладна абвясціць мараторы на смяротнае пакаранне і яе далейшая адмена з’яўляюцца найважнейшай умовай для ўступлення ў РЕ», — гаворыцца ў заяве Антоніа Мілашоскага і Меўлюта Чавушоглу.
Як раней паведамляў Тэлеграф, Гарадзенскі абласны суд 14 траўня вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання (растрэлу з канфіскацыяй маёмасці) да двух гарадзенцаў, якія ў кастрычніку мінулага года ў Горадні забілі дзвюх жанчын і мужчыну, выкралі сына забітай, а таксама, хаваючы сляды злачынства, здзейснілі падпал кватэры. Суд прызнаў падсудных вінаватымі па ўсіх пунктах абвінавачання.

Как вам новость?
Головоломки