Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэніэл Расэл падчас аднадзённага візіту ў Беларусь правёў шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і некаторымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта. Гаворачы аб перадвыбарнай сітуацыі ў Беларусі, Дэніэл Расэл адзначыў, што ЗША заклапочаныя няроўным доступам прэтэндэнтаў да СМІ і малой колькасцю прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях.
У той жа час Дэніэл Расэл адзначыў і некаторыя станоўчыя моманты цяперашняй выбарчай кампаніі. Сярод іншага амерыканскі дыпламат назваў магчымасць для прэтэндэнтаў свабодна збіраць подпісы, а таксама запрашэнне міжнародных назіральнікаў на выбары, перадае БелаПАН.
Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША заявіў, што выбары ў Беларусі павінны адпавядаць міжнародным стандартам, якімі кіруюцца, у тым ліку, ЗША. «Гэта значыць, мы не просім Беларусь рабіць штосьці, чаго не робім мы самі», — падкрэсліў Дэніэл Расэл.
Расэл: ЗША не маюць намеру адмяняць санкцыі ў дачыненні да Беларусі
Дэніэл Расэл таксама паведаміў, што магчымасці па нармалізацыі адносінаў Беларусі і ЗША па-ранейшаму застаюцца абмежаванымі. «Нашы фінансавыя і візавыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі застаюцца ў сіле, бо ў краіне не назіраецца прагрэсу ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека», — падкрэсліў дыпламат.
Разам з тым, па словах Дэніэла Расэла, ЗША будуць «вітаць пазітыўныя крокі ў гэтым кірунку, якія дазволяць нам скасаваць санкцыі». Аднак пакуль амерыканскі бок не ўбачыў зменаў у Беларусі, «якія прывялі б да змены палітыкі ў дачыненні да Беларусі», адзначыў прадстаўнік ЗША.
Раманчук: сустрэча з Расэлам прайшла «ў традыцыйнай форме»
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук пасля сустрэчы з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША адзначыў, што «абмен меркаваннямі прайшоў у традыцыйнай форме». «Мы распавялі аб сітуацыі ў Беларусі, а Дэніэл Расэл у традыцыйнай форме заявіў, што ЗША занепакоеныя наяўнасцю ў Беларусі палітычных зняволеных і недэмакратычнасцю выбараў», — распавёў Яраслаў Раманчук.
На сустрэчы таксама прысутнічалі прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Алесь Міхалевіч і Мікалай Статкевіч, а таксама прадстаўнікі Андрэя Саннікава, Віталя Рымашэўскага, Уладзіміра Някляева.
Як распавёў Павал Севярынец, які прадстаўляе Віталя Рымашэўскага, на сустрэчы размова ішла галоўным чынам аб будучых прэзідэнцкіх выбарах. «Асноўнай тэмай была праблема назірання на выбарах і праблема палітычных зняволеных у Беларусі. Я таксама паднімаў тэму рэгістрацыі партыі» Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і праблему мінскай царквы «Новае жыццё». Увогуле, у мяне склалася ўражанне, што цяпер ЗША настроеныя на тое, што ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў можна нешта зрабіць для дэмакратыі ў Беларусі», — адзначыў Павел Севярынец.
У ходзе сустрэчы з незалежнымі назіральнікамі бакі абмяняліся думкамі аб цяперашняй перадвыбарнай сітуацыі і магчымым развіцці падзей падчас і пасля галасавання. Як паведаміў удзельнік сустрэчы, юрыст кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч, Дэніэл Расэл заявіў, што пазіцыя ЗША, з аднаго боку, прагматычная, а з другога — прынцыповая. «Злучаныя штаты супрацоўнічаюць з Беларуссю ў шэрагу сфер, але, выступаючы за паляпшэнне адносін паміж дзвюма краінамі, ад патрабаванняў захавання правоў чалавека і дэмакратыі адступаць не збіраюцца», — адзначыў Валянцін Стэфановіч. Паводле яго слоў, у Беларусі «нягледзячы на памяншэнне рэпрэсій, сістэмных зменаў не бачна, змены ў заканадаўства не ўносяцца».