Старшыня ўрада Расіі Уладзімір Пуцін 16 сакавіка на паседжанні Саўміна Саюзнай дзяржавы заявіў, што Беларусь заўсёды была, ёсць і будзе стратэгічным партнёрам для Расіі. "Беларусь будзе не проста нашым стратэгічным, але і адмысловым партнёрам. Нас злучае так шмат інтарэсаў, што і не пералічыць", — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Кіраўнік ўрада Расійскай Федэрацыі адзначыў, што таваразварот паміж Беларуссю і Расіяй значна скараціўся ў 2009 годзе, аднак у апошнія месяцы мінулага года і напачатку цяперашняга назіраўся значны яго рост.
Па словах Уладзіміра Пуціна, у студзені-лютым таваразварот паміж Беларуссю і Расіяй вырас на 17%, а беларускі экспарт у Расію павялічыўся на 40%. Прэм’ер-міністр дадаў, што апераджальны рост беларускага экспарту відавочны, што з’яўляецца добрай прыкметай аднаўлення эканомікі.
Уладзімір Пуцін таксама звярнуў увагу на тое, што правядзенне паседжання саюзнага Саўміна ў Брэсце сімвалічна напярэдадні надыходзячага святкавання 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
«Брэст — гэта як раз тое месца, дзе для нашых бацькоў пачалася вайна. Брэст звязаны з гераічнасцю савецкага народа, гэта адзін з самых яскравых прыкладаў адданасці Айчыне, самаахвяраванні, гераічнасці», — заявіў расійскі прэм’ер-міністр.
Сідорскі: у 2010 годзе мы павінны выйсці на дакрызісны ўзровень таваразвароту
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў на паседжанні Саўміна Саюзнай дзяржавы ў Брэсце, што Беларусь разлічвае ў 2010 годзе аднавіць дакрызісны ўзровень таваразвароту з Расіяй. «Для нас галоўная задача — выйсці на ўзаемапрымальныя адносіны, якія б рэальна спрыялі ажыўленню нашых гандлёва-эканамічных адносін», — падкрэсліў кіраўнік урада.
«Мы разглядаем бягучы год як перыяд, на працягу якога маглі б быць адноўлены згубленыя сувязі ва ўзаемным гандлі, і наладжаны на эфектыўную барацьбу з наступствамі сусветнага фінансавага крызісу ў рэальным сектары эканомікі абедзвюх дзяржаў», — упэўнены Сяргей Сідорскі.
«Пашырэнне кааперацыі паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расіі, сумесная праца па падвышэнні канкурэнтаздольнасці машынабудаўнічай прадукцыі, стварэнне новых вытворчасцяў — усё гэта стане добрай базай на цяперашні год», — падкрэсліў беларускі прэм’ер.
Закранаючы супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў Мытным саюзе, Сяргей Сідорскі адзначыў, што «выхад на вонкавую мяжу магчымы і сёлета», паведамляе БелТА.
«Гэта рэальныя крокі, якія мы можам зрабіць, каб стаць тым ядром інтэграцыі Беларусі, Расіі і Казахстана ў рамках Мытнага саюза і будучай Адзінай эканамічнай прасторы, якую мы маем намер прыняць у бліжэйшыя гады», — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.