МЗС Літвы занепакоены прысудамі па "справе 19 снежня"

16.05.2011 14:34
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў Літвы выказала сур'ёзную занепакоенасць "судовымі працэсамі над удзельнікамі падзеяў 19 снежня 2010 года, у тым ліку і прынятым 14 траўня рашэннем мінскага суду, якім быў асуджаны адзін з кандыдатаў, якія прымалі ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, Андрэй Саннікаў". Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйнай заяве літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

«Ён прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю паслявыбарныя пратэстаў. Свабода сходаў з’яўляецца асноўным дэмакратычным правам, таму такое турэмнае зняволенне супярэчыць абавязальніцтвам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) адносна правоў чалавека і асноўных свабод», — адзначылі ў МЗС Літвы.

У літоўскім МЗС нагадалі, што Вільня не раз заклікаў афіцыйны Мінск «неадкладна спыніць пераследу беларускай апазіцыі, СМІ і грамадзянскай супольнасці, пачаць дыялог з міжнароднай супольнасцю і выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы АБСЕ».

«За судамі над удзельнікамі дэманстрацыяў 19 снежня ў Беларусі вядуць назіранне прадстаўнікі Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, а таксама дыпламаты. Бюро прадставіць справаздачу аб назіранні на разгляд краін-членаў АБСЕ», — адзначылі ў МЗС.

Как вам новость?
Головоломки