Міністэрства замежных спраў Беларусі пракамэнтавала распаўсюджаную СМІ інфармацыю аб тым, што ў Лівіі на баку сіл Муамара Кадафі ваююць "беларускія партызаны". "Ваенных спецыялістаў у Лівіі няма і быць не можа. Наіўна меркаваць інакш", — заявіў начальнік упраўлення інфармацыі МЗС РБ Андрэй Савіных.
Паводле яго слоў, прыведзеная ў артыкуле «Камсамольскай праўды» гутарка з супрацоўнікам беларускай амбасады ў Трыпалі «цалкам сфальсіфікаваная». «Гэты, калі можна сказаць, журналіст, адсутнасць прафесійнай этыкі якога відавочная, тэлефанаваў у амбасаду з пытаннямі аб ад’язджаючых беларускіх медыках», — адзначыў прадстаўнік МЗС Беларусі.
«З’яўленне такога артыкула можна разглядаць як жаданне жоўтай прэсы зарабіць на легкавернасці чытачоў. Альбо мы сутыкнуліся з чарговай акцыяй па дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», — выказаў здагадку прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства.
«Паказальна, што тэхналогія такіх трукаў мяркуе з’яўленне ілжывай публікацыі ў адной з газет, якая мае нізкую рэпутацыю або рэйтынг якой не мае значэння. Далей матэрыял тыражуецца ўжо так званымі «рэспектабельнымі» СМІ, якія адказнасці за змест ўжо не нясуць», — растлумачыў Андрэй Савіных.
«З чым мы сутыкнуліся — таннымі манеўрамі жоўтай прэсы ці прадуманай маштабнай правакацыяй — стане вядома ў найбліжэйшы час. Вось і атрымліваецца, што ў публікацыі «Камсамольскай праўды» «камсамольскага запалу» шмат, а праўды няма», — сказаў на заканчэнне начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Беларусі.