МУС выявіла факты карупцыі сярод выкладчыкаў БНТУ

15.07.2010 17:20
Архив Редакция

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выявіла шматлікія факты атрымання хабару службовымі асобамі выкладчыцкага саставу ўстановы адукацыі «Беларускі Нацыянальны Тэхнічны Універсітэт». Пра гэта распавялі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

«На аўтамабільнай стаянцы рынку «Экспабел» пры атрыманні хабару ў памеры 2 100 даляраў быў затрыманы выкладчык кафедры «Праграмнае забеспячэнне вылічальнай тэхнікі і аўтаматызаваных сістэм» БНТУ. Дадзеныя грашовыя сродкі прызначаліся яму за спрыяльнае рашэнне пытання аб здачы 47 студэнтамі іспыту па прадмету «Сістэмнае праграмнае забеспячэнне», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

На першых жа допытах стала вядома, што на азначанай кафедры некалькі гадоў дзейнічала дакладная схема атрымання хабару выкладчыкамі праз шэраг пасярэднікаў пры прыёме іспытаў. Паралельна для студэнтаў ствараліся такія ўмовы, пры якіх дача хабару пазіцыянавалася як найбольш лёгкі спосаб вырашэння пытання аб заканчэнні навучальнага працэсу. Дадзеная карупцыйная дзейнасць ажыццяўлялася па фіксаваных грашовым стаўках, распавялі ў МУС.

«Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў змагары з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй выкрылі яшчэ аднаго супрацоўніка кафедры «Праграмнае забеспячэнне вылічальнай тэхнікі і аўтаматызаваных сістэм» БНТУ. Устаноўлена, што ён за здачу 6 студэнтамі іспыту па прадмеце «Структуры і алгарытмы апрацоўкі дадзеных» атрымаў 420 даляраў».

У дачыненні да двух затрыманых выкладчыкаў пракуратурай Мінску ўзбуджана дзве крымінальных справы па ч. 1 арт. 430 КК Беларусі «Атрыманне хабару». Выкладчыкі арыштаваныя і змешчаныя ў СІЗА № 1 УДІН МУС.

Акрамя таго, сталічная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па ч. 1 арт. 432 КК «пасярэдніцтва ў хабарніцтве» ў дачыненні да вядучага інжынера-электроншчыка кафедры «Тэхнічная фізіка» БНТУ. Па наяўнай інфармацыі, ён быў пасярэднікам пры перадачы грашовых сродкаў.

У цяперашні час супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС сумесна з пракурорскімі работнікамі праводзяць следча-аператыўныя мерапрыемствы па дакументаванні ўсёй злачыннай дзейнасці затрыманых. Паралельна ажыццяўляюцца мерапрыемствы па праверцы іншых прадстаўнікоў БНТУ на прадмет здзяйснення імі карупцыйных злачынстваў.

Как вам новость?
Головоломки