Міліцыя з пачатку лета знішчыла ў Беларусі 93 тоны наркотыкаў

17.08.2010 10:25
Архив Редакция

За чэрвень-ліпень 2010 года беларуская міліцыя ў рамках спецпрограммы «Мак», якая праводзіцца з 1 чэрвеня па 31 жніўня 2010 года з мэтай недапушчэння пасеву, вырошчвання, збору і распаўсюду нарказмяшчальных культур, знішчыла больш за 93 тоны нарказмяшчальных раслінаў, што на 42,6 тоны больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года, паведамілі ў міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Усяго за першыя два месяцы лета аператыўнікі выявілі каля 2,5 тыс. месцаў росту наркатычных раслін агульнай плошчай 355 тыс. квадратных метраў. Таксама за гэты час ахоўнікі правапарадку выявілі 786 нарказлачынстваў і прыцягнулі да крымінальнай адказнасці 633 чалавекі. Акрамя таго, у жніўні супрацоўнікі міліцыі знішчылі каля пасёлка Сосны-1 Любанскага раёна Мінскай вобласці і паблізу вёскі Жытнавічы Пінскага раёна Берасцейскай вобласці 4,8 і 1,35 тон дзікарослых канопляў адпаведна.

У дадзены момант кіраўніцтва МУС разглядае магчымасць падаўжэння тэрміну правядзення спецпраграмы «Мак», паколькі ў 2009 годзе супрацоўнікі міліцыі неаднаразова знаходзілі наркаплантацыі і ў верасні, а цяперашнія ўмовы надвор’я яшчэ больш спрыяюць росту раслін-дурманаў.

У траўні гэтага года па ініцыятыве МУС Савет міністраў з мэтай вырашэння праблемы спажывання опію з насення маку зацвердзіў пастанову, якая забараняе іх продаж ва ўпакоўках больш за 200 грамаў і без спажывецкай маркіроўкі (указанне даты, вытворцы, фасоўшчыка, тэрміну прыдатнасці і іншае). Адначасова Дзяржкамітэт па стандартызацыі ўвёў новы стандарт «Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы», які прадугледжвае поўную забарону на ўтрыманне ў насенні маку пустазеллевай (арганічнай) прымесі: часцінак лісця, сцябла, скрыначак, кошыкаў, струкоў, макавай саломкі, буйнога насення пустазелля і культурных раслін.

Пасля прыняцця дадзеных нарматыўных актаў аператыўнікі канфіскавалі каля 100 кілаграмаў насення маку і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за яго незаконную рэалізацыю 12 чалавек.

У МУС нагадалі, што паводле дзейнага заканадаўства пасеў або вырошчванне забароненых да апрацоўкі раслін з мэтай збыту або вырабу наркатычных сродкаў цягне за сабой крымінальную адказнасць нават да пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў.

Как вам новость?
Головоломки