Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выносіць на ўзгадненне прызначэнне новым прэм'ер-міністрам краіны Міхаіла Мясніковіча. Палата прадстаўнікоў збярэцца на пазачарговае паседжанне з гэтай нагоды 27 студзеня. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў у панядзелак, 17 студзеня.
Як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара, такое рашэнне прэзідэнт прыняў у адпаведнасці з часткай 6 артыкула 95 Канстытуцыі Беларусі.
Акрамя ўзгаднення назначэння кіраўніка ўрада ніжняя палата беларускага парламенту на пазачарговым пасяджэнні можа разгледзець і іншыя пытанні, дадалі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.
Як раней перадаваў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі 28 снежня істотна абнавіў урад Беларусі і прызначыў у якасці новага прэм’ер-міністра краіны старшыню прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча.
У той жа час 29 снежня, калі кіраўнік дзяржавы прызначаў міністраў, на адрозненне ад назначэнняў, праведзеных 28 снежня, вялікіх зменаў не адбылося.
Пасля прызначэння на пасаду новы прэм’ер-міністр Беларусі плануе перагледзець структуру органаў дзяржкіравання. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, шэраг міністэрстваў выканаў свае функцыі і можа быць трансфармаваны ў крыху іншыя формы дзяржаўнага кіравання, у тым ліку з магчымым зліццём некаторых міністэрстваў у адно.