Лукашэнка заклікаў дзіцячыя лагеры зарабляць на іншаземцах

31.07.2010 16:03
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання 30 ліпеня Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтру "Зубраня" заклікаў разгледзець магчымасць прадстаўлення іншаземцам месцаў для адпачынку ў дзіцячых лагерах краіны. На яго думку, яны павінны будуць аплочваць 100% кошту пражывання. 

«Замежнікі людзі не бедныя, але трэба стварыць нармальную базу для адпачынку, каб былі добрыя ўмовы, каб гэта акуплялася», — заявіў кіраўнік дзяржавы, перадае Хартыя 97. 
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створана дастатковая інфраструктура для якаснага адпачынку дзяцей. «У нас дастаткова створана для дзяцей, якія маюць патрэбу ў адпачынку, каб у лесе пабыць, выехаць адпачыць», — паведаміў прэзідэнт, перадае БелТА. 
Выслухаўшы даклад дырэктара НДААЦ «Зубраня» Надзеі Ануфрыевай аб планах па развіцці лагера, кіраўнік дзяржавы сказаў, што неабходнасці пашыраць лагер няма. На яго думку, «трэба дашліфаваць, дабудаваць, што задумана, і на гэтым спыніцца». Прэзідэнт таксама заявіў, што варта развіваць таксама іншыя дзіцячыя лагеры і цэнтры, але без павелічэння нагрузкі на бюджэт. «Давайце не будзем разлічваць на тое, што мы будзем гэтую дзяржаўную сацыяльную частку пашыраць», — адзначыў ён. 
Далей Аляксандр Лукашэнка агледзеў інфраструктуру «Зубраня», прыняў удзел у адкрыцці ваенна-спартовай гульні «Патрыёт», якая праводзіцца сумесна з КДБ. Сярод іншага, прэзідэнт прыняў удзел у мерапрыемстве «Вогнішча сяброўства», які запаліў ягоны сын Мікалай. 
У заключэнне дзеці ўручылі Аляксандру Лукашэнку зроблены сваімі рукамі сувенір «Цуды ў кошыку».

Как вам новость?
Головоломки