Стратныя сельгаспрадпрыемствы ў Беларусі будуць прыватызаваныя. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час працоўнай паездкі па Берасцейскай вобласці. "Два гады яшчэ пабарахтаецеся, а потым, хто не выйдзе на рэнтабельную працу, — будзем прыватызоўваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як растлумачыў сёння, 6 верасня, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза, Беларусь часткова ўжо правяла прыватызацыю стратных прадпрыемстваў, перадае БелТА.
«Цяпер стаіць пытанне больш шырокай прыватызацыі, у тым ліку разглядаюцца тыя маёмасныя комплексы, якія на сённяшні дзень неэфектыўныя або малаэфектыўныя, то бок гаворка ідзе не толькі аб стратных, але і аб малаэфектыўных гаспадарках», — сказаў Іван Бамбіза.
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў найбліжэйшы час будуць прапрацаваны падыходы па прыватызацыі такіх прадпрыемстваў. «Закране гэта і сельгаскааператывы, і камунальныя сельгаспрадпрыемствы», — дадаў Іван Бамбіза.
Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, у сваю чаргу, паведаміў, што прыбыткі ад прыватызацыі будуць накіраваныя на павелічэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі.