Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў Указ № 245, якім унёс змены і дапаўненні ва ўказы ад 15 траўня 2008 года № 270 і ад 1 сакавіка 2010 года № 101. Указ прадугледжвае скарачэнне фінансавай нагрузкі на інвестараў у сферы развіцця прыдарожнага сэрвісу. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У прыватнасці, дакумент вызваліў інвестараў ад выплаты зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі на перыяд правядзення праектных і будаўнічых прац, а таксама на працягу двух гадоў пасля ўводу аб’екта прыдарожнага сэрвісу ў эксплуатацыю. Яны таксама цяпер не павінны адлічваць сродкі ў інавацыйныя фонды будаўнічых арганізацый, якія ажыццяўляюць ўзвядзенне або рэканструкцыю аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, што пасля зможа скараціць выдаткі па будаўніцтве для саміх уладальнікаў аб’ектаў, адзначылі ў прэс-службе.
Льготы ахопліваюць аб’екты, размешчаныя на ўсім займаным зямельным участку — як у прыдарожнай паласе (кантраляванай зоне), так і на частцы зямельнага ўчастка за яе межамі. Пры гэтым да аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу дадаліся ахоўныя стаянкі і стаянкі для аўтафургонаў і аўтапрычэпаў для жылля. Дадзеная мера абумоўлена іх рэальным недахопам на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах.
Рэалізацыя палажэнняў Указа павінна дазволіць палепшыць сэрвіснае абслугоўванне транзітных перавозчыкаў і іншых карыстальнікаў аўтадарог пасродкам павелічэння колькасці аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, а таксама ствараць штогод больш за 200 працоўных месцаў у малых гарадах і населеных пунктах, размешчаных паблізу рэспубліканскіх аўтамабільных дарог.
Указ уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання, распаўсюджваючы сваё дзеянне таксама на аб’екты прыдарожнага сэрвісу, будаўніцтва і рэканструкцыя якіх пачалі да ўступлення ў сілу ўказу і не скончаныя на дату ўступлення ў сілу.