Супрацоўнікі бюро крымінальнай паліцыі Літвы сумесна з супрацоўнікамі Віленскай акруговай пракуратуры раскрылі злачынную групу, якая займалася перапраўкай угнаных аўтамабіляў праз беларускую мяжу. У цяперашні час затрымана шэсць падазраваных, у тым ліку трое беларусаў.
Як распавёў пракурор Віленскай акруговай пракуратуры Нерыюс Пушкорыс, падазраваных затрымалі з доказамі злачынства падчас сакрэтнай аперацыі. Зламыснікі спрабавалі пераправіць праз кантрольна-прапускны пункт у Меднікі (Медзінінкай) у Беларусь два аўтамабілі. Па дадзеных аператыўнікаў, BMW X5 і BMW X6 былі ўгнаныя ў Германіі, перадае DELFI.
Па папярэдніх дадзеных, члены групоўкі, выкарыстоўваючы падробленыя дакументы на машыны, паспелі пераправіць з Літвы ў Беларусь не адну сотню ўгнаных параўнальна новых, дарагіх аўтамабіляў. Шкода ацэньваецца ў мільёны даляраў.
Сярод затрыманых падазраваных — супрацоўнік пагранслужбы. У ноч затрымання ён таксама знаходзіўся на службе. Па дадзеных следчых, менавіта з яго дапамогай злачынцам удавалася без асаблівых праблемаў правозіць аўтамабілі з перабітымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі праз КПП. За «садзейнічанне» мытнік, па дадзеных праваахоўных органаў, атрымліваў шчодрую ўзнагароду.
У праваахоўных органах Літвы не выключаюць, што ў бліжэйшы час будуць затрыманыя і іншыя падазраваныя, якія маюць дачыненне да дадзенага злачынства.