Кітай надасць Беларусі крэдыт на адзін мільярд даляраў

25.03.2010 08:49
Архив Редакция

Урад КНР прыняў рашэнне надаць Беларусі льготны крэдыт у адзін мільярд даляраў для ажыццяўлення ўзгодненых паміж бакамі праектаў. Такую заяву зрабіў намеснік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ў Мінску.

Па словах намесніка старшыні КНР, старшыня КНР Ху Цзіньтао асабіста даручыў кітайскім службоўцам вывучыць усе прапановы беларускага боку па развіцці сумесных праектаў.

«Нам трэба развіваць патэнцыял узаемнага гандлю і прасоўваць супрацоўніцтва па найболей буйнамаштабных праектах і тым самым павялічваць узровень нашага супрацоўніцтва», — падкрэсліў Сі Цзіньпін.

Прадстаўнік КНР з задавальненнем адзначыў рашэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаць Кітай падчас Дзён Беларусі на выставе «Шанхай-Экспа» і падкрэсліў, што Ху Цзіньтао гатовы ў любы зручны для абодвух бакоў час ізноў сустрэцца з кіраўніком беларускай дзяржавы.

«За 18 гадоў дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем дынаміка двухбаковага супрацоўніцтва дасягнула такіх вынікаў, што можа лічыцца ўзорам адносін паміж дзяржавамі», — лічыць палітык.

«У апошні час нашы адносіны ўступілі ў зусім новую фазу. Мы бачым у Беларусі надзейнага партнёра і вернага сябра, развіццё кантактаў з якім заўсёды будзе заставацца цвёрдай і няўхільнай палітыкай кітайскага кіраўніцтва», — падкрэсліў Сі Цзіньпін.

Кітай мае намер падтрымаць Беларусь на міжнароднай арэне

Сі Цзіньпін заявіў, што Кітайская Народная Рэспубліка гатовая падтрымаць Беларусь пры разглядзе ў Радзе па правах чалавека ААН дакладу пра сітуацыю ў Беларусі, дадаўшы таксама, што Пекін разлічвае на ўзмацненне супрацоўніцтва з Мінскам на міжнароднай арэне і больш цесную каардынацыю замежнапалітычных пазіцый.

«Кітай выказвае ўдзячнасць Беларусі за цвёрдую падтрымку на міжнароднай арэне па пытаннях Тайваня, Тыбета, выканання правоў чалавека і процідзеянні сектантам «Фалуньгун», — сказаў намеснік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Па словах прадстаўніка КНР, кітайскі ўрад і народ з разуменнем ставяцца да права беларускай нацыі самастойна вызначаць сваю ўнутраную і вонкавую палітыку, паведамляе БелТА.

Сі Цзіньпін: Беларусь і Кітай падпішуць кантракты на 3,4 млрд. даляраў

Па словах намстаршыні КНР, банкі і кампаніі Беларусі і Кітая падчас візіту намесніка старшыні КНР падпішуць сумесныя кантракты на суму 3,4 млрд. даляраў.

«Мы сышліся ў меркаванні, што бакі павінны прыкладаць высілкі да развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і вывесці іх на новую прыступку»,  — падкрэсліў Сі Цзіньпін.

Палітык адзначыў, што летась краіны здолелі вытрымаць суровае выпрабаванне сусветным фінансавым крызісам: таваразварот Беларусі і Кітая склаў 870 млн. даляраў і скараціўся на 5,7%, што нашмат менш у параўнанні са зніжэннем таваразвароту з іншымі краінамі.

Как вам новость?
Головоломки