Памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька пракаментаваў крытыку беларускага лідара Аляксандра Лукашэнка на адрас РФ з нагоды падзей у Кыргызстане. Па словах прадстаўніка Крамля, Расія "не мае намеру змяняць сваю пазіцыю ў дачыненні да падзеяў у Кыргызстане праз выказванні кіраўнікоў суседніх краін".
«Прэзідэнт Расіі ў нядаўняй размове з журналістамі ў Бразіліі выразна даў зразумець, што Масква гатовая працаваць з новым кіргізскім урадам, калі той зможа ўзяць пад кантроль сітуацыю і забяспечыць працэс пераемнасці ўлады, правядзенне сумленных выбараў і будзе спрыяць з’яўленню легітымнай улады ў краіне», — цытуе Сяргея Прыходзька «Взгляд».
Прэзідэнт Беларусі 20 красавіка, выступаючы з пасланнем беларускаму народу і парламенту, заявіў, што краіны НАТО ці Еўрасаюза абавязкова дапамаглі б адной са сваіх дзяржаў-членаў, калі б там адбыліся падзеі, падобныя да кіргізскіх.
«А тут дзяржаўны пераварот, зрынулі законна абранага прэзідэнта. Заціснулі дзесьці ў гарах разам з малымі дзецьмі, пры гэтым яшчэ псіхалагічна ціснуць, заяўляючы: калі ты не згодзен, мы цябе вывезем пад аховай расійскіх ваенных», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.