Касьянаў: ніякай дэмакратыі ў Беларусі няма

06.10.2010 12:48
Архив Редакция

Былы прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Касьянаў лічыць, што ў Беларусі вельмі жорсткі палітычны рэжым. «Ніякай дэмакратыі, ніякіх грамадзянскіх і палітычных свабодаў там няма. Таму выбары, якія прызначаныя на 19 снежня, будуць чарговай імітацыяй. Калі за гэты час, вядома, нічога не здарыцца", — дадаў расійскі палітык.

«Калі ўнутраная апазіцыя і знешнія сілы будуць ціснуць на цяперашні беларускі рэжым і прымусяць яго нейкім чынам выконваць Канстытуцыю Беларусі, а не імітаваць гэта, штосьці можа змяніцца. Але надзей на гэта, на жаль, вельмі мала», — адзначыў Міхаіл Касьянаў, перадае «Народная Воля».

«Мне абсалютна ясна, што рэжым Лукашэнкі не з’яўляецца дэмакратычным. Я аб гэтым гаварыў, будучы прэм’ер-міністрам Расіі. І ў маю бытнасць прэм’ерам мы спрабавалі далучыць Беларусь да тых працэсаў, якія былі ў Расійскай Федэрацыі — я тады верыў, што Расія будзе працягваць рухацца па дэмакратычным шляху», — сказаў палітык.

Па словах Міхаіла Касьянава, будучы прэм’ер-міністрам, ён займаўся эканомікай і сацыяльнай сферай, і ў гэтым кантэксце Расія хацела большага яднання з Беларуссю. «Мы ўжо былі практычна гатовыя ўвесці адзіную валюту, але потым прэзідэнт Лукашэнка зразумеў, што гэта пазбавіць яго элементу ўлады і спыніў усе гэтыя працэсы. З тых часоў гутарак аб адзінай валюце больш няма», — дадаў Міхаіл Касьянаў.

Касьянаў: Лукашэнка гуляе на сябе

«Што тычыцца расійскіх уладаў, то яны, з аднаго боку, крытыкуюць беларускі рэжым, з другога, — спрабуюць нейкімі падачкамі купляць лаяльнасць Мінску. Гэта, вядома, недальнабачная палітыка. Аляксандр Рыгоравіч, будучы разумным і досыць цынічным палітыкам, гэта разумее і ўсялякім чынам перашкаджае роўнаму ўспрыманню ў Беларусі інфармацыі аб тым, што Расія для Беларусі — сяброўская дзяржава. Лукашэнка цяпер гуляе на сябе. І дастаткова паспяхова», — падкрэсліў Міхаіл Касьянаў.

«Я не веру ў тое, што сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца ў найбліжэйшы час. Але калі грамадскае меркаванне за мяжой будзе ціснуць на беларускі рэжым, і ён будзе бачыць нейкія выхады, то паслабленні таксама могуць быць. Але любая змена ўлады павінна быць праз выбары. Жадаю вам вялікіх поспехаў 19 снежня, але, на жаль, не бачу для гэтага ніякіх падстаў», — дадаў расійскі палітык.

Как вам новость?
Головоломки