Галоўны трэнер салігорскага "Шахцёра" Эдуард Малафееў пасля гасцявой паразы сваёй каманды ў мінулым туры чэмпіянату краіны ад дэбютанта вышэйшай лігі бабруйскай "Белшыны" (0:1) патрапіў у лякарню з сардэчнай арытміяй.
Як інфармуе афіцыйны сайт клуба, 67-гадовы спецыяліст раніцай 26 красавіка быў шпіталізаваны ў адну са сталічных клінік з дыягназам «арытмія». А ўчора ўвечары адбыўся сход каманды з удзелам старшыні ЗАТ «ФК «Шахцёр» Уладзіміра Кучарава.
Было прынята рашэнне, што на перыяд хваробы Малафеева выконваць абавязкі галоўнага трэнера будзе 38-гадовы Уладзімір Журавель, які займае ў камандзе пасаду трэнера па навукова-метадычнай працы. Наступны паядынак гарнякі правядуць 28 красавіка ў Салігорску супраць магілёўскага «Дняпра», паведамляе БелТА.
Заслужаны трэнер Савецкага Саюза і Беларусі Эдуард Малафееў узначаліў «Шахцёр» напярэдадні цяперашняга сезону. Да гэтага ён паспяхова кіраваў санкт-пецярбургскім «Дынамам», якое вывеў у першую лігу расійскага чэмпіянату. Пасля завяршэння першынства 2009 года настаўнік вырашыў не працягваць кантракт з расійскай дружынай па стане здароўя.
Салігорскі «Шахцёр» пад кіраўніцтвам знакамітага настаўніка не вельмі ўдала пачаў гэты сезон. Пасля 5 матчаў каманда набрала 6 ачкоў (1 перамога, 3 нічые, 1 параза, розніца мячоў 4-4) і займае 8-е месца сярод 12 клубаў.