Беларускія прадпрымальнікі звернуцца да прэзідэнта з просьбай аб эканамічнай амністыі

19.08.2010 13:24
Архив Редакция

У найбліжэйшы час беларускія прадпрымальнікі плануюць пачаць збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта з просьбай увесці эканамічную амністыю ў дачыненні да прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў турмах. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыйнага камітэту па стварэнні ГА "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў.

Па ягоных словах, каля 22% зняволеных Беларусі адбываюць пакаранне за эканамічныя злачынствы, з іх 11-12% — прадпрымальнікі і кіраўнікі. У сувязі з гэтым Віктар Гарбачоў лічыць эканамічную амністыю ў дачыненні да прадпрымальнікаў неабходным крокам на шляху да лібералізацыі эканамічнай дзейнасці.

У сваю чаргу старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін адзначыў, што ў Беларусі вельмі жорсткае заканадаўства адносна эканамічных злачынстваў, перадае «Заўтра тваёй краіны».

Карагін: заканадаўства павінна заахвочваць прадпрымальнікаў

Кіраўнік МСЗПіП заявіў, што ў Беларусі не адпрацаваная метадалогія ацэнкі парушэнняў у сферы гаспадарчай дзейнасці. Акрамя таго, лідар сталічных прадпрымальнікаў лічыць, што неабходна перагледзець стаўленне да суб’ектаў эканамічнай дзейнасці і перайсці ад карнай да заахвочвальнай сістэмы камерцыйнай дзейнасці.

«Бізнэс асацыяцыі распрацавалі і накіравалі ва ўладныя структуры пакет прапаноў, у тым ліку і метадалагічных, якія накіраваны на пераход ад карнай да заахвочвальнай сістэмы камерцыйнай дзейнасці. Гаворка, перш за ўсё, ідзе аб пераходзе на пакаранне пасродкам штрафаў, а не затрыманняў і арыштаў», — распавёў Уладзімір Карагін.

«Мне б хацелася, каб дзяржава разумела, што прадпрымальнікі займаюцца стваральнай дзейнасцю, якая прыпыняецца, калі іх саджаюць у турму, — дадаў лідар сталічных прадпрымальнікаў. — Прадстаўнікі бізнэсу — гэта тая частка грамадства, якая абрала актыўную дзейнасць як спосаб існавання ў грамадстве, гэта самая актыўная яго частка. Сам працэс удзелу ў гэтай дзейнасці звязаны з тым, што людзі генеруюць ідэі, часта ідуць раней нікім не асвоенымі шляхамі. Гэта павінна заахвочвацца праз заканадаўства».

На думку некаторых экспертаў, неадэкватная ацэнка правінаў прадпрымальнікаў часта звязана з памылкамі і супярэчнасцямі паміж беларускім заканадаўствам і правапрымяняльнай практыкай.

Карагін: траціна беларускіх прадпрымальнікаў асуджана за крымінальнае злачынства

«Памылкі, неперадумышленыя дзеянні разглядаюцца з абвінаваўчага пункту гледжання і аўтаматычна да прадпрымальнікаў прымяняюцца артыкулы Крымінальнага Кодэксу. У выніку ў Беларусі вельмі шмат дырэктараў, бухгалтараў, прадпрымальнікаў сядзяць у турмах менавіта па крымінальных артыкулах. Думаю, трэцяя частка дык дакладна», — расказаў Уладзімір Карагін.

«Між тым у большасці краін робяць крокі па ацэнцы эканамічнай дзейнасці ў бок змякчэння пакарання за памылкі. Зыходзячы з таго, што калі чалавек у стане прыдумаць, увасобіць праект, у выпадку памылак павінен карацца эканамічнымі метадамі, а ніяк не абмежаваннем свабоды або прымяненнем іншых відаў крымінальнага пакарання. У нас жа прадпрымальнікаў ставяць на адну планку з забойцамі і злодзеямі», — дадаў эксперт.

Как вам новость?
Головоломки