Выcтава малюнкаў Канута Русецкага з альбома 1844-1846 гг

26 ліпеня 2013 года а 15 гадзіне ў партрэтнай зале Мірскага замка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы мастацкіх твораў К. Русецкага “Наваградскі край вачыма Канута Русецкага”, якая падрыхтавана музеем “Замкавы комплекс “Мір” сумесна з Бібліятэкай Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх. На выставе будуць прадстаўлены 27 эскізаў і малюнкаў славутага мастака XIX стагоддзя.

Альбом малюнкаў, які паўстаў пераважна падчас падарожжаў Канута Русецкага па Літве і Наваградчыне ў 1844-1846 гг., з’яўляецца адным з цудоўных прыкладаў творчай працы Канута Русецкага па збору матэрыялаў для сваіх карцін, канструяванню сюжэтаў і кампазіцый,расказвае намеснік дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце замкавага комплекса “Мір”, кандыдат гістарычных навук Андрэй Янушкевіч.Для нас вельмі важна, што ў гэтым альбоме знаходзіцца малавядомы ў Беларусі малюнак з выявай Мірскага замка. Гэта – бадай што першая выява замка ў Міры, вядомая на сённяшні дзень. Дзякуючы гэтаму твору была запачаткаваная традыцыя рамантычнага адлюстравання нашага замка і ўвогуле беларускай старажытнай архітэктуры. Прадстаўленыя творы маюць яшчэ адну незвычайную каштоўнасць – альбом Русецкага мае вялікае навуковае значэнне для даследавання побыту, штодзённага жыцця жыхароў літоўскіх і беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак”.

Альбом прадстаўляе сабой калекцыю графічных і акварэльных малюнкаў. Значная яго частка была зроблена мастаком падчас падарожжа праз Наваградак, Нясвіж, Сноў і Мір у 1844 г. Альбом Канута Русецкага цікавы не толькі як асобнае каштоўнае іканаграфічнае адасабленне пэўных гістарычных мясцінаў, але перадусім як мастацкі погляд тагачаснага віленскага творцы на Наваградчыну і Віленшчыну праз прызму яго ўласнай ідэнтычнасці, мастацкіх густаў і яго вялікага таленту.

Адметнай асаблівасцю  гэтага праекта будзе выданне  каталога выставы. Выстава размесціцца ў экспазіцыйнай прасторы Паўночна-усходняй вежы і працягнецца да 30 жніўня 2013 г.

Как вам новость?
Головоломки