Журналісты з Еўрасаюза 21-24 ліпеня наведаюць Беларусь з чатырохдзённым прэс-турам, мэтай якога з'яўляецца азнаямленне грамадзянаў краін ЕС з "канкрэтнымі праектамі, якія ЕС ажыццяўляе ў Беларусі ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства". Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве ЕС у Мінску.
Першы дзень прэс-туру прадстаўнікі еўрапейскіх СМІ правялі ў Бруселі. Цяпер журналістаў чакае інтэнсіўная трохдзённая праграма ў Беларусі.
У Мінск прыбудуць 13 журналістаў з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Фінляндыі, Чэхіі і Эстоніі, паведамляе БелаПАН.
Сустрэчы з журналістамі правядуць прадстаўнікі беларускіх уладаў, грамадскіх арганізацыяў, а таксама дыпламаты, незалежныя эксперты і прадстаўнікі беларускіх СМІ. Удзельнікам прэс-туру раскажуць аб адносінах ЕС і Беларусі, палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Дадзены прэс-тур арганізавалі Еўрапейскі цэнтр журналістыкі, прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і Беларуская асацыяцыя журналістаў пры фінансавай падтрымцы Генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па знешніх сувязях.