Урад Беларусі сышоў у адстаўку (абноўлена)

27.12.2010 15:36
Архив Редакция

Савет міністраў Беларусі 27 снежня 2010 года прыняў пастанову аб складанні сваіх паўнамоцтваў. Як паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адстаўку ўрада прыняў. Новы склад Савета міністраў будзе сфармаваны ў найбліжэйшы час.

Адстаўка ўрада пасля праведзеных прэзідэнцкіх выбараў — стандартная працэдура для Беларусі. Згодна з часткай трэцяй артыкула 106 Канстытуцыі Беларусі ўрад складае свае паўнамоцтвы перад ізноў абраным прэзідэнтам Беларусі.

Да таго часу, пакуль не будзе сфармаваны і ўхвалены склад новага ўрада, Савет міністраў, прэм’ер і астатнія члены ўрада працягнуць выконваць свае абавязкі. У цяперашні час прэзідэнт павінен вылучыць кандыдатуру новага прэм’ер-міністра, а дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у двухтыднёвы тэрмін — ухваліць яе.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года парламент падаў у адстаўку толькі ў дзень інаўгурацыі прэзідэнта. Тады склад урада істотна не змяніўся. Прэзідэнт унёс на разгляд парламента кандыдатуру Сяргея Сідорскага, які на той момант ужо тры гады ўзначальваў Саўмін. 103 парламентарыі падтрымалі гэтую кандыдатуру, двое выказаліся супраць. Акрамя таго свае пасады захавалі таксама намеснікі прэм’ера і большасць міністраў.

У той жа час пасля выбараў 2001 года Уладзімір Ярмошын, які займаў да таго моманту пост прэм’ер-міністра, не застаўся пры ранейшай пасадзе — яго змяніў Генадзь Навіцкі.

Как вам новость?
Головоломки