Урад абяцае перайсці да рэалізацыі дырэктывы № 4 у ліпені

18.02.2011 13:53
Архив Редакция

За першыя шэсць месяцаў 2011 года Саўмін Беларусі разлічвае падпісаць асноўныя нарматыўна-прававыя акты для рэалізацыі дырэктывы № 4. Пра гэта 18 лютага заявіў намеснік прэм'ер-міністра Сяргей Румас падчас пашыранага пасяджэння пастаяннага камітэту пры кансультатыўным савеце па замежных інвестыцыях пры Савеце міністраў.

«Урад Беларусі мае намер ужо ў першым паўгоддзі 2011 года забяспечыць прыняцце ўсіх неабходных нарматыўна-прававых актаў, якія рэалізуюць нормы прамога дзеяння дырэктывы № 4. Наступны крок — у максімальна кароткія тэрміны развіць іншыя палажэнні дырэктывы праз адпаведныя змены ў заканадаўстве», — цытуе Сяргея Румаса БелТА .

Віцэ-прэм’ер таксама ўдакладніў, што 18 лютага міністры разглядалі план мерапрыемстваў для рэалізацыі дырэктывы. «План шырокі. У яго ўвайшлі ўсе прапановы прадпрымальніцкіх колаў. План прадугледжвае толькі некалькі мерапрыемстваў, якія будуць рэалізаваны ў 2012 годзе, у асноўным жа усё запланаванае будзе рэалізавана ў 2011 годзе», — растлумачыў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, прадугледжваецца зніжэнне падатковай нагрузкі, спрашчэнне падатковага адміністравання, скарачэнне колькасці абавязковых першасных дакументаў для ўліку, а таксама стварэнне ўмоваў для развіцця фінансавага рынку, страхавога сектару, рынку каштоўных папер і лізінгавых паслуг.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, дырэктыву № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь» 31 снежня 2010 года падпісаў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Дакумент накіраваны на «далейшую лібералізацыю эканомікі, разняволенне дзелавой ініцыятывы і творчага патэнцыялу грамадзян».

Акрамя таго, 4 студзеня намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур сказаў, што дырэктыва № 4 — гэта «палітычны дакумент, які вызначае стратэгічную мэту і рух да яе».

Бачнага эфекту ад дадзенага дакумента можна чакаць не раней, чым праз год-паўтара, лічыць дырэктар юрыдычнай кампаніі «Элайнс Груп» Уладзімір Нясмашны.

Аднак, на думку кіраўніка Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоля Рубінава дырэктыва № 4 з’яўляецца «вельмі сур’ёзным дакументам», паколькі «азначае новы этап у развіцці дзяржавы».

Как вам новость?
Головоломки