У Мінску сёння, пятага ліпеня, стартуе канферэнцыя нацыянальнага Форуму грамадзянскай супольнасці "Дарожная карта Усходняга партнёрства для Беларусі". На мерапрыемстве абмяркуюць працу Форума "як аднаго з галоўных інстытуцыйных гульцоў праграмы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства", а таксама далейшыя шляхі развіцця і ўзмацнення гэтай праграмы ў Беларусі і на агульнаеўрапейскім узроўні.
Таксама на канферэнцыі плануецца абмеркаваць шэраг задач, якія стаяць перад беларускай грамадзянскай супольнасцю для развіцця «Усходняга партнёрства»: азнаёміцца са зробленай працай і планамі; прадставіць і абмеркаваць прапановы розных беларускіх аналітычных групаў па працы Форуму грамадзянскай супольнасці ў 2010-2012 гадах, перадае БелаПАН.
Першае паседжанне Форума грамадзянскай супольнасці палітыкі ЕС «Усходняе партнёрства» адбылося ў лістападзе мінулага года ў Бруселі. Беларускія прадстаўнікі, якіх адабрала Еўракамісія, дамагліся з калегамі з іншых краінаў павышэння інстытуцыйнага статусу форуму. Два прадстаўнікі Беларусі былі абраныя ў склад Каардынацыйнага камітэта структуры, а адзін з лідараў беларускага трэцяга сектара Сяргей Мацкевіч стаў афіцыйным спікерам форуму.
Палітыка «Усходняе партнёрства», якая стартавала ў траўні 2009 года, прадугледжвае палітычнае збліжэнне і эканамічную інтэграцыю ЕС і шасці краін-партнёраў: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.