У Беларусі і Расіі можа з'явіцца адзіны Крымінальны кодэкс

25.03.2011 11:01
Архив Редакция

Парламентарыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі прапанавалі стварыць адзіны для дзвюх краін Крымінальны кодэкс. Пра гэта яны заявілі 24 сакавіка падчас сумеснага пасяджэння Парламенцкага сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю і профільных камісій парламентаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

У прыватнасці, прапанову падтрымаў намеснік старшыні камісіі Парламенцкага сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю Аляксей Разуван, які таксама з’яўляецца членам камітэту Дзярждумы Расіі па бяспецы. Ён адзначыў, што Беларусь і Расія ўжываюць розныя пакаранні за адны і тыя ж злачынствы, што, на думку парламентарыя, недапушчальна. Акрамя таго, адны і тыя ж дзеянні ў адной краіне расцэньваюцца як злачынства, а ў другой — не, паведамляе БелТА.

Расійскі дэпутат заявіў, што з адзінага Крымінальнага кодэксу Масква і Мінск могуць пачаць ствараць і іншыя адзіныя для дзвюх краін законы ў сферы бяспекі.

У сваю чаргу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Самасейка заявіў, што мадэльныя законы, якія прынялі саюзныя парламентарыі, часта не адлюстраваны ў нацыянальных заканадаўствах Беларусі і Расіі. Аднак яны павінны быць імплементаваны ў заканадаўства абедзвюх краін.

Аляксей Разуван на гэта адказаў, што трэба працягваць працу над Канстытуцыйным актам Саюзнай дзяржавы, а таксама вызначыць статус і паўнамоцтвы саюзнага парламенту. Тады дадзены орган зможа прымаць законы, якія будуць абавязковымі ў Беларусі і Расіі.

Как вам новость?
Головоломки