Сойм Літвы прапанаваў вярнуць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

24.12.2010 09:04
Архив Редакция

Сойм Літвы заняў цвёрдую пазіцыю пры ацэнцы прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. 23 снежня Сойм прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў мінулыя выбары прэзідэнта Беларусі недэмакратычнымі. У сувязі з гэтым літоўскія парламентарыі выступілі з прапановай аднавіць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

«Прапануем прэзідэнту і ўраду Літвы, а таксама камітэту Сойма па замежных справах абмеркаваць, ці не варта ў рамках Еўрапейскага саюза падняць пытанне вяртання да санкцыяў у дачыненні да Беларусі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У прынятай рэзалюцыі значыцца, што «выбары прэзідэнта Беларусі 19 снежня 2010 года не адпавядалі патрабаванням дэмакратычнасці і празрыстасці, высунутым АБСЕ». Дэпутаты заклікалі прэзідэнта і ўрад Літвы, а таксама ўсе дзяржавы — члены АБСЕ, далучыцца да ацэнкі Сойму, перадае БелаПАН.

Акрамя таго, у прынятай рэзалюцыі члены літоўскага парламенту заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту, што прайшла ўвечары 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Мінску, а таксама не выкарыстоўваць падзеі, якія адбыліся ў якасці ціску на апазіцыю, палітычныя арганізацыі і асобных палітыкаў.

Як паведаміў прэс-сакратар міжнароднай моладзевай арганізацыі «Рух «Маладая Беларусь»(Літва) Цімафей Дранчук, які атрымаў тэкст дакумента ад літоўскага дэпутата Мантас Адоменаса, прыняцце рэзалюцыі не прайшло гладка. Так, дэпутаты ад фракцыі сацыялістаў хацелі адкласці разгляд дадзенага пытання да наступнага пасяджэння сойма ў сакавіку 2011 года. Тым не менш, дзякуючы настойлівасці галоўнай кіруючай фракцыі партыі «Саюз Айчыны», пытанне было разгледжана, і большасць членаў Сойма прагаласавала за прыняцце рэзалюцыі.

Як перадаваў Тэлеграф, з прапановай ізноў увесці санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку, беларускага кіраўніцтва, раней выступілі грамадскія дзеячы Эстоніі. Дзярждэпартамэнт ЗША, таксама асудзіў беларускія ўлады за ўжыванне гвалту пры разгоне дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня, у афіцыйнай заяве таксама адзначыў, што ў святле нядаўніх падзей у Беларусі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў здымаць не мае намеру.

Как вам новость?
Головоломки