Удзельнікі грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заяўляюць, што для забеспячэння масавай яўкі на датэрміновае галасаванне па ўсёй краіне шырока задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс. Пра гэта праваабаронцам паступаюць сігналы ад назіральнікаў з рэгіёнаў.
Так, юрыст і адзін з каардынатараў кампаніі Валянцін Стэфановіч паведаміў БелаПАН, што на супрацоўнікаў дзяржустаноў і прадпрыемстваў аказваецца ціск з боку кіраўніцтва і ідэолагаў. Галасаваць датэрмінова прымушаюць таксама навучэнцаў ССНУ і студэнтаў.
«На спецыяльных зборах у выканкамах ідэалагічныя працаўнікі ўстаноў і арганізацый на гэтым тыдні атрымлівалі ўказанні аб неабходнасці забяспечыць максімальна магчымую яўку менавіта на датэрміновае галасаванне. На некаторых прадпрыемствах, як, напрыклад, на Глыбоцкім малочна-кансервавым камбінаце, кіраўніцтва даводзіць да ведама падначаленых, хто канкрэтна павінен удзельнічаць у датэрміновым галасаванні», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Як сцвярджае праваабаронца, заклікі ісці на датэрміновае галасаванне паступаюць таксама ад чыноўнікаў, дэпутатаў парламенту і мясцовых саветаў, прычым яны агітуюць насельніцтва галасаваць за Аляксандра Лукашэнку, што з’яўляецца відавочным правапарушэннем.
«Разам з тым, 26 лістапада на онлайн-канферэнцыі ў газеце «Камсамольская праўда ў Беларусі» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў адказ на пытанне аб адказнасці чыноўнікаў за прымус да датэрміновага галасавання падкрэсліла, што пры наяўнасці падобных выпадкаў варта звяртацца ў пракуратуру з адпаведнай заявай. Ярмошына патлумачыла, што падобныя дзеянні падпадаюць пад агульны састаў адміністрацыйнага правапарушэння «перашкода свабоднаму волевыяўленьню грамадзянаў», за што ў якасці санкцый прадугледжаны штраф», — распавёў Валянцін Стэфановіч.
Юрыст таксама дадаў, што праваабаронцы маюць намер змагацца з прымусам да датэрміновага галасавання. Грамадзянам, якія напішуць заяву ў пракуратуру аб падобных фактах, будзе аказвацца юрыдычная дапамога.
«Акрамя таго, мы маем намер адкрыць на сваім сайце рубрыку, дзе будзем выкладваць фота і відэа таго, як людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова. І хай пракуратура рэагуе на гэтыя выпадкі па фактах публікацыі ў СМІ», — адзначыў праваабаронца.