НІСЭПД: геапалітычныя арыентацыі беларусаў змяніліся

11.11.2010 17:39
Архив Редакция

Эксперты Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў канстатуюць змены геапалітычных арыентацый беларусаў — узмацненне праеўрапейскіх і паслабленне прарасійскіх. Так, выбіраючы паміж аб'яднаннем з Расіяй і ўступленнем у ЕС, 42,2% апытаных хацелі б аб'яднанне з ЕС, а 35,4% — з Расіяй. Напярэдадні папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў у лютым 2006 года было адпаведна 27,5% і 56,3%.

Згодна з вынікамі сацыялагічнага апытання, праведзенага НІСЭПД у другой палове кастрычніка 2010 года, на гіпатэтычным рэферэндуме аб уступленні Беларусі ў Еўрапейскі саюз «за» сёння прагаласавалі б 42,1%, а «супраць» — 32,5%. Напярэдадні папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў у лютым 2006 года за ўступленне Беларусі ў ЕС выступала за ўсё 32,3%, а супраць — 45,3%.

У той жа час за аб’яднанне Беларусі і Расіі выступілі толькі 32,3% рэспандэнтаў, а супраць — 45,3% (у лютым 2006 года — адпаведна 43,3% і 33,2%).

Як паведамілі ў НІСЭПД, для большасці рэспандэнтаў (59,6%) падтрымка расійскага кіраўніцтва патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на будучых выбарах не мае значэння. Разам з тым 17% апытаных заявілі, што такая падтрымка падвысіла б верагоднасць таго, што яны прагаласавалі б за гэтага кандыдата, а для 14,7% — панізіла б.

Акрамя таго, сацыёлагі высветлілі, што 35,5% рэспандэнтаў пагадзіліся з меркаваннем дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які назваў палітыку Крамля ў адносінах да Беларусі «неабдуманай і бязмозглай». Не згодныя з такой ацэнкай 46% рэспандэнтаў.

У сваю чаргу, з ацэнкай прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, што «прэзідэнт Лукашэнка ў сваіх выказваннях выходзіць далёка за рамкі не толькі дыпламатычных правілаў, але і элементарных чалавечых прыстойнасцяў», пагадзіліся 40,9% апытаных. Не падтрымалі такое меркаванне 39,7% рэспандэнтаў.

У выніку 13,5% апытаных перакананыя, што абвастрыўся канфлікт паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі сур’ёзна паўплывае на вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. 36,4% апытаных лічыць, што гэты ўплыў не будзе вырашальным.

Разам з тым 21,8% апытаных выказалі меркаванне аб тым, што выбары прэзідэнта Беларусі не будуць прызнаныя законнымі ні Расіяй, ні Захадам. 43,9% перакананы, што міжнародная супольнасць прызнае вынікі выбараў, а 9,8% апытаных сцвярджаюць, што выбары «будуць прызнаныя Расіяй, але не Захадам».

Как вам новость?
Головоломки