МУС прапаноўвае штрафаваць за ўжыванне наркотыкаў

19.01.2011 12:51
Архив Редакция

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапаноўвае ўвесці адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне наркотыкаў, што да гэтага часу ў Беларусі законам не каралася. Пра гэта распавёў намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Васіль Лосіч.

«Мы зараз прапрацоўваем ідэю ўвядзення адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне наркотыкаў. Таму што ёсць прававы калапс. Атрымліваецца, піва піць на плошчы нельга, а дастаць шпрыц і ўкалоцца можна!?», — цытуе прадстаўніка МУС «Камсамольская праўда ў Беларусі».

«Мы разаслалі зварот усім зацікаўленым ведамствам з прапановай унесці змены ў адміністрацыйны кодэкс і ўвесці адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне наркотыкаў. Рэакцыя розная. Але, спадзяюся, у гэтым годзе, пры ўмове, што мы сыдземся ў меркаванні, змены будуць прынятыя», — сказаў Васіль Лосіч.

Прадстаўнік міністэрства адзначыў, што неабходна ўводзіць адказнасць і за прапаганду наркотыкаў. «Цяпер не дапускаецца іх рэклама, але ў інтэрнэце шмат сайтаў, дзе ў даволі пазітыўным ключы распавядаецца, як наркотыкі змяняюць псіхіку, хто з вядомых людзей іх ўжывае, якія яны бадзёрыя і вясёлыя потым прыходзяць на вечарыны», — канстатаваў Васіль Лосіч.

Прадстаўнік ведамства не сумняецца ў тым, што штрафы і суткі арышту, якія прадугледжвае адміністрацыйнае пакаранне, падзейнічаюць на наркаманаў. «Асабліва гэта паўплывае на моладзь, тых, каму ўпершыню прапануюць ужыць наркотыкі. Калі чалавек будзе ведаць, што на працу або ва ўніверсітэт прыйдзе папера аб тым, што ён асуджаны за ўжыванне наркатычных сродкаў — многіх гэта спыніць», — упэўнены Васіль Лосіч.

Как вам новость?
Головоломки