Мілінкевіч уключыўся ў прэзідэнцкую гонку

03.05.2010 16:34
Архив Редакция

Аляксандр Мілінкевіч трэцяга траўня распачаў сваю перадвыбарную кампанію з прэс-канферэнцыі ў мінскім гатэлі «Еўропа». Перад прэзентацыяй тэзісаў сваёй палітычнай праграмы лідар Руху "За Свабоду" пабываў на службе ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы.

На прэс-канферэнцыі Аляксандр Мілінкевіч раскрытыкаваў 16 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі у многіх галінах, перадусім у эканоміцы, нацыянальнай бяспецы, а таксама ў сацыяльнай сферы, паведамляе «n#####n». Акрамя гэтага палітык азнаёміў грамадскасць з працоўным варыянтам праграмных тэзісаў, якія, як мяркуецца, «будуць дапаўняцца шляхам атрымання зваротнай сувязі ад грамадзянаў, экспертаў, спецыялістаў-практыкаў і актывістаў кампаніі». Тэзісы ўключаюць у сябе чатыры асноўныя пункты, які яраскрываюць праблемы адказнай, дэмакратычнай удады, эканомікі, сацыяльнай і знешняй палітыкі.

Каманда Мілінкевіча мяркуе, што ў першую чаргу трэба «вярнуць дэмакратыю, і найперш нармальныя выбары і сапраўднае мясцовае самакіраванне ў адпаведнасці з Еўрапейскай хартыяй». У праграме таксама акцэнтуецца ўвага на свабодзе слова ў сродках масавай інфамацыі і на судовай сістэме. У прыватнасці суды абяцаюць вызваліць з-пад уплыву ад выканаўчай улады.

У праграме гаворыцца аб важнасці інвестыцыяў для эканомікі Беларусі, «Наша палітыка — інвестыцыі не для ўлады, а для людзей», — гаворыць Аляксандр Мілінкевіч. Пры арыентацыі на рынкавую эканоміку лідар Руху «За Свабоду» запэўнівае, што нягледзячы на гэта будзе «асцярожна ставіцца да прыватызацыі стратэгічна важных прадпрыемстваў, транзітнай інфраструктуры і іншых сістэмаў жыццезабеспячэння». «Мы захаваем гэтыя аб’екты ў руках дзяржавы да таго часу, пакуль не будуць створаны ўмовы для іх прыватызацыі без шкоды нацыянальным інтарэсам і дабрабыту грамадзян» — заявіў палітык. У эканамічныя планы Аляксандра Мілінкевіча ўваходзіць таксама гарантаванне празрыстага бюджэту, падтрымка прыватнага бізнэсу, выкарыстанне транзітнага патэнцыялу краіны, эфектыўная сельская гаспадарка.

Мілінкевіч: замест АЭС — энергазберажэнне

«Мы адмовімся ад планаў будаўніцтва Беларускай АЭС і інвестуем ашчаджаныя грошы ў мадэрнізацыю існуючых магутнасцяў па генерацыі цеплавой і электрычнай энергіі. Пры павелічэнні эфектыўнасці існуючых магутнасцяў у 1,5?2 разы, мы зэканомім колькасць энергіі, на выпрацоўку якіх спатрэбяцца магутнасці двух ядзерных рэактараў», — гаворыцца ў тэзісах перадвыбарнай праграмы.

У пытаннях знешняй палітыкі Аляксандр Мілінкевіч абяцае захоўваць «добрасуседскія адносіны з Расіяй», але сцвярджае, што усё ж такі «стратэгічная мэта — поўная інтэграцыя Беларусі ў Еўрапейскі Саюз».

У сваім праграмным выступе лідар Руху «За Свабоду» папярэдзіў, што калі ўлады не забяспечаць справядлівага падліку галасоў, вынік выбараў вырашыцца на вуліцах.

Нагадаем, што ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах.

Пра свой удзел у будучых прэзідэнцкіх выбарах заявілі таксама Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя), Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў (каардынатар «Хартыі’97»).

Как вам новость?
Головоломки