Мядзведзеў: Беларусь гатовая ўзначаліць АДКБ

23.08.2010 09:53
Архив Редакция

Беларусь гатовая ў снежні 2010 года ўзначаліць Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы. Аб гэтым па выніках пасяджэння ў Ерэване кіраўнікоў дзяржаў-членаў АДКБ заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў. Беларусь павінна была ўзначаліць АДКБ у чэрвені 2009 года, але прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка тады не прыехаў на саміт і тэхнічнае старшыняванне перайшло да Расіі.

Дзмітры Мядзведзеў таксама паведаміў, што ўдзельнікі гаварылі доўга, зацікаўлена і ў «карэктнай манеры», перадае газета.ru.

Беларусь: АДКБ няздольная вырашаць крызісныя і канфліктныя сітуацыі

Парадак пасяджэння ўключаў разгляд мер па стабілізацыі становішча ў Кыргызстане і фармаванні ў рамках АДКБ эфектыўнай сістэмы крызіснага рэагавання, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

На думку беларускага боку, перавароты 2005 і 2010 гадоў у Кыргызстане і грузіна-паўднёваасетынскі канфлікту 2008 года паказалі няздольнасць АДКБ да аператыўнага рэагавання на крызісныя і канфліктныя сітуацыі. Наяўная сітуацыя ў Кыргызстане ў бягучым годзе пацвердзіла неабходнасць выпрацоўкі эфектыўнага механізму антыкрызіснага рэагавання ў рамках Арганізацыі.

У сувязі з гэтым Беларусь выступіла за ўзмацненне ролі АДКБ у зоне яе адказнасці і пашырэнне яе ўзаемадзеяння з іншымі міжнароднымі арганізацыямі (ААН, АБСЕ, СНД, НАТА, ЕўрАзЭС, ЕС. На думку беларускай дэлегацыі, АДКБ павінна заняць годную нішу ў іерархіі міжнародных арганізацыяў, якія займаюцца забеспячэннем міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Для гэтага неабходна выпрацаваць інструменты, якія спрыяюць недапушчэнню развіцця канфліктнага цыклу, падрыхтаваць дакумент, які дае права для дзейнасці АДКБ у сферы антыкрызіснага рэгулявання.

Беларускі бок выступае таксама супраць дубляванне дакументаў, якія існуюць у іншых арганізацыях. На яе думку, АДКБ павінна вырашаць тыя пытанні, якія не ў стане вырашыць іншыя міжнародныя структуры. Акрамя таго, як лічаць у беларускай дэлегацыі, застаецца актуальным пытанне знешнепалітычнай каардынацыі паміж краінамі-сябрамі АДКБ.

Таксама Беларусь выступіла за аказанне дапамогі Кыргызстану ў рамках СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ. Аднак неабходнай умовай аказання дапамогі павінна стаць яе адраснасць, скіраванасць на рэалізацыю канкрэтных сацыяльна-эканамічных праектаў і задач і на забеспячэнне надзённых патрэбаў кыргызскага насельніцтва.

21 жніўня кіраўнікі дзяржаў-сябраў АДКБ працягнуць нефармальныя зносіны.

Як раней паведамляў Тэлеграф, нефармальны саміт лідараў краін-членаў АДКБ пачаўся 20 жніўня ў Ерэване. Прэзідэнт Беларусі прыбыў у Ерэван з прыватным візітам за два дні да пачатку саміту. Падчас сустрэчы кіраўнікі Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана абмяркоўваюць сітуацыю ў Кыргызстане і меры АДКБ па яе стабілізацыі.

Некаторыя расійскія СМІ і аналітыкі выказвалі меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка можа адмовіцца ад паездкі ў Арменію, як гэта адбылося ў мінулым годзе падчас «малочнай вайны» з Расіяй.

Таксама расійскія журналісты выказалі здагадку, што падчас саміту прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядведзеў не плануе праводзіць двухбаковую сустрэчу з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Как вам новость?
Головоломки