Лукашэнка: за пяць гадоў Беларусь ўклала ў эканоміку 72 млрд. даляраў

06.12.2010 15:17
Архив Редакция

У 2005 — 2010 гадах Беларусь ўклала ў эканоміку 72 млрд. даляраў, у той час як у 2000 — 2005 гадах — толькі 20 млрд. даляраў. "У гэтым адна з характэрных рысаў беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі: усё, што зарабілі, накіравалі на развіццё, уклалі ва ўласную эканоміку, а не вывезлі за мяжу, не расцягнулі ў выглядзе дывідэндаў", заявіў 6 снежня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Адкрываючы IV Усебеларускі народны сход, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія 15 гадоў Беларусь даказала сваю палітычную і эканамічную самастойнасць. Па словах прэзідэнта, гэта пацвярджаецца сталым эканамічным ростам, абнаўленнем асноўных вытворчых фондаў краіны і павышэннем дабрабыту грамадзян, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што сярэднегадовы тэмп эканамічнага развіцця Беларусі ў 2005 — 2010 гадах склаў каля 8%. Вышэй гэты паказчык толькі ў 12 краін свету. За апошнія пяць гадоў у Беларусі стварылі 185 новых прадпрыемстваў, больш за 320 — кардынальна мадэрнізавалі. Краіна выйшла на аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш 25 млрд. даляраў на год, больш чым у чатыры разы павялічыўся выпуск інавацыйнай прадукцыі. «Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматкроць, увесь мадэльны шэраг. Гэта велізарная праца інжынераў, канструктараў, вучоных, працоўных і служачых», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў ААТ «Белкамунмаш». «Гэтае прадпрыемства, якое было калісьці звычайнай рамонтнай майстэрняй трамваяў і тралейбусаў, сёння цалкам забяспечвае ўнутраны рынак і экспартуе прадукцыі на 22 млн. даляраў на год», — адзначыў прэзідэнт.

«Таму ўсялякія сцвярджэнні аб тым, што мы працуем на старой базе, «праядаем савецкую спадчыну», — пустыя размовы, якія падкідваюць ў грамадства недалёкія людзі, што нічога не разумеюць у эканоміцы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у жорсткіх знешніх умовах Беларусь захавала ўстойлівае развіццё

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь даказала сваю здольнасць забяспечыць устойлівае развіццё і нацыянальную бяспеку нават у самых жорсткіх знешніх умовах. «Сусветны фінансава-эканамічны крызіс, на жаль, не абышоў бокам Беларусь. Але краіна не прагнулася, нягледзячы на неймаверны ціск і масіраваны шантаж з усіх бакоў. Мы не далі загубіць створаную палітычную і сацыяльную стабільнасць. Захавалі народны набытак, які ў іншых краінах сышоў за бесцань», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах прэзідэнта, дзякуючы індывідуальнай мадэлі развіцця Беларусі ўдалося прадухіліць наступствы фінансавага крызісу. За мінулыя пяць гадоў краіна, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, зрабіла каласальны рывок у сацыяльна-эканамічным развіцці, а ўсе абяцанні, дадзеныя беларусам на III Усебеларускім сходзе, урад выканаў.

Лукашэнка: Беларусь павінна пазбавіцца ад лёкайскай псіхалогіі залежнасці

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што ўсе дасягненні Беларусі — «гэта не падарунак ад Госпада Бога і не вынік сыравіннага экспарту», а вынік напружанай працы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў каштоўнасць рэальнага суверэнітэту краіны, калі народ мае права самастойна выбіраць стратэгію сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.

«Ніхто не будзе за нас вырашаць нашыя праблемы і задачы — ні Масква, ні Вашынгтон, ні Брусель! Мы павінны рашуча пазбавіцца ад недасканалай лёкайскай псіхалогіі залежнасці ад кагосьці больш моцнага і недаацэнкі ўласных магчымасцяў. Толькі ад нас залежыць сучаснасць і будучыня Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки