Лукашэнка хоча зарабіць у Азербайджане мільярд даляраў

04.06.2010 14:54
Архив Редакция

Беларусь можа рэалізаваць у Азербайджане праекты на мільярд даляраў. Пра гэта заявіў чацвертага чэрвеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Баку з прэм'ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ. "Двум краінам цалкам пад сілу выйсці на такі ўзровень рэалізацыі праектаў", — упэўнены беларускі лідар.

«Беларусь будзе ўзмацняць сваю прысутнасць у Азербайджане, накіроўваючы сюды сваіх спецыялістаў, і працаваць па тых перспектыўным кірунках, якія ўжо пачынаюць тут рэалізоўвацца. У Азербайджане функцыянуюць зборачныя і сумесныя прадпрыемствы, працуюць спецыялісты ў будаўнічай галіне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

Па словах кіраўніка дзяржавы, цяпер гандлёва-эканамічныя стасункі паміж Беларуссю і Азербайджанам развіваюцца даволі дынамічна, аднак ў дзвюх краін ёсць вялікі патэнцыял для значнага прасоўвання наперад у гэтым напрамку. «Азербайджанцам ёсць што прапанаваць еўрапейскаму рынку, і Азербайджан можа разлічваць ў гэтым плане на Беларусь як пляцоўку для гандлю з Еўропай», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў таксама вялікі ўнёсак у дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносінаў міжурадавай беларуска-азербайджанскай камісіі і працу беларускай амбасады ў гэтай краіне. «Уся палітыка павінна быць накіравана на забеспячэнне эканамічнай стабільнасці ў адносінах, гандлёва-эканамічным узаемадзеянні», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар дадаў, што «адным з галоўных паказчыкаў працы амбасады з’яўляецца ўзровень узаемнага гандлю і інвестыцый».

У сваю чаргу, прэм’ер-міністр Азербайджана падарыў Аляксандру Лукашэнку дзве кнігі, адна з якіх распавядае пра палітыку скрозь прызму шахматнай гульні, а другая — аб месцы Кітая ў глабальнай сусветнай эканоміцы.

Как вам новость?
Головоломки