"Ляпісы" прапанавалі фанатам зрабіць рэмікс на сваю песню

15.03.2010 12:56
Архив Редакция

Беларускі гурт "Ляпіс Трубяцкі" абвясціў конкурс рэміксаў на кампазіцыю "Пульс эпохі". Стварыць сваю версію песні з альбома "Культпросвет" можа любы ахвотнік. Для гэтага неабходна запампаваць зыходны мультытрек "Пульса эпохі", змешчаны на старонцы "Ляпісаў" у сацыяльнай сетцы "Кругі".

Прыём конкурсных прац будзе весціся да 18 красавіка. Аўтар лепшага, на думку гурту, рэміксу атрымае галоўны прыз — чатыры квіткі на канцэрт «Ляпісаў» у маскоўскім «Главклубе» (ДК Гарбунова) 24 красавіка. У расійскай сталіцы мінскі калектыў мае намер выканаць новую канцэртную праграму пад назвай «Пульс эпохі», паведамляе Lenta.ru.

У тым выпадку, калі пераможцам будзе не жыхар расійскай сталіцы і ён не зможа прыехаць у Маскву на шоў беларускага калектыву, яму дастануцца квіткі на найбліжэйшы канцэрт гурту ў родным горадзе. Акрамя таго, музыкі з «Ляпіса Трубяцкога» паабяцалі ўручыць стваральніку лепшага рэміксу на «Пульс эпохі» адмысловы «Культпросвет-набор» (пра склад гэтага сувеніра ад мінскіх рокераў будзе абвешчана пазней).

Гурт таксама адзначыў, што найболей цікавыя рэміксы на «Пульс эпохі» могуць быць уключаны ў еўрапейскі рэліз у якасці бонус-трэкаў. Як паведамлялася раней, «Ляпіс Трубяцкі» плануе выпусціць плытку для Еўропы да лета 2010 году. Пра змест дыска пакуль ніякіх падрабязнасцяў няма.

Как вам новость?