Старшыня Палаты Прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і лідар АГП Анатоль Лябедзька запрошаны да ўдзелу ў дэбатах пра сітуацыю ў Беларусі, якія пройдуць на пленарным паседжанні ПАРЕ ў Страсбургу 29 красавіка. "У маім партфелі дарожная карта па ўступленні Беларусі ў Раду Еўропы", — заявіў Анатоль Лябедзька напярэдадні паседжання.
«Гэта канкрэтны і ясны план, што неабходна зрабіць, каб наблізіць краіну да стандартаў гэтай міжнароднай арганізацыі», — цытуе Анатоля Лябедзьку сайт АДС. У якасці дакладчыкаў на сесіі ў ПАРЕ выступяць старшыня падкамітэта па Беларусі Сініка Хурскайнэн і дакладчык юрыдычнага камітэта Хрыстас Пургурыдэс.
«Я маю намер гаварыць пра вынікі выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы, пра неабходнасць карэкуіроўкі міжнароднай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, — расказаў Анатоль Лябедзька. — Апазіцыя аднадушная ў ацэнках апошняй выбарчай кампаніі. У нас няма разыходжанняў, каб Беларусь не тапталася на месцы, а рухалася да стандартаў Рады Еўропы, а гэта значыць да свабодных выбараў, да незалежнай судовай сістэмы, да дэмакратыі. Так што мая пазіцыя і мае прапановы будуць абапірацца на меркаванне велізарнай колькасці людзей у Беларусі».