ДКІ: Беларусь рыхтуецца цалкам прадаць "Белтрансгаз"

07.04.2011 14:03
Архив Редакция

Самыя вялікія грошы ад прыватызацыі Беларусь атрымае ад продажу стратэгічна важных прадпрыемстваў, але рашэнне па ім будзе прымаць кіраўнік дзяржавы. Аб гэтым 7 красавіка заявіла дырэктар Фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржкамітэту па маёмасці Наталля Жарнасек. "Магчымы продаж долі дзяржавы ў МТС, "Белтрансгазе" і акцый аб'яднанай кампаніі, якая ствараецца цяпер на базе "Гродна Азот" і "Гродна Хімвалакно", — сказала яна.

Пры гэтым Наталля Жарнасек удакладніла, што ў выпадку «Белтрансгаза» гаворка ідзе аб магчымым продажы «часткі долі дзяржавы». Па словах прадстаўніцы Дзяржкаммаёмасці, у рамках праекту пілотнай прыватызацыі эксперты Сусветнага банка папярэдне абралі тры прадпрыемствы для продажу — «Белсантэхмантаж», Брэсцкі электрамеханічны завод, ААТ «Бархім», перадае БелаПАН.
 
«Эксперты Сусветнага банка ўзгаднілі пералік з трох прадпрыемстваў для пілотнай прыватызацыі, але канчатковы выбар яны зробяць пазней, пасля аналізу інфармацыі аб прадпрыемствах, прапанаваных беларускім бокам для пілотнай прыватызацыі», — сказала Наталля Жарнасек.
 
«Беларускі бок прапанаваў экспертам Сусветнага банка спіс з 13 прадпрыемстваў, — адзначыла яна. — На мінулым тыдні эксперты наведалі некаторыя з гэтых прадпрыемстваў і азнаёміліся з мэнэджментам. Цяпер эксперты ўзялі тайм-аўт, каб далажыць кіраўніцтву аб выніках і канчаткова выбраць прадпрыемствы, якія будуць прыватызаваныя».

Жарнасек: прыватызацыя — адзін з кірункаў прыцягнення інвестыцый

Дырэктар фонду таксама паведаміла, што прыватызацыйныя ўгоды — адзін з напрамкаў прыцягнення ў краіну інвестыцый. Акрамя таго, па яе словах, аб’яднанне ААТ «Гродна Хімвалакно» і ААТ «Гродна Азот» павысіць прыбытковасць кампаніі і цікавасць да яе з боку інвестараў.
 
«У выніку аб’яднання адбываецца капіталізацыя кампаніі, гэта спрыяе павышэнню яе прыбытковасці і павышае цікавасць да яе», — сказала Наталля Жарнасек. У цяперашні час працэс аб’яднання «Гродна Хімвалакно» і «Гродна Азот» сканчаецца. «Мы толькі ўзгаднілі рэарганізацыю гэтых двух таварыстваў», — сказала дырэктар фонду, дадаўшы, што «пакуль рана казаць пра вынікі такога аб’яднання».

Першыя аўкцыёны пройдуць у чэрвені

Першыя аўкцыёны па продажы акцый ААТ з плана прыватызацыі на 2011-2013 гады будуць праведзены ў чэрвені 2011 года, калі яны не будуць дзейснымі, іх правядуць паўторна, распавяла Наталля Жарнасек. Паводле яе слоў, прадпрыемствы будуць прадавацца як па балансавым, так і па рынкавым кошце. У 2011 годзе прапанавана да продажу 180 ААТ. А ў план прыватызацыі на 2011-2013 гады ўвайшло 244 ААТ.

«На сённяшні дзень прыкладна па 85 ААТ будзе рабіцца рынкавая ацэнка. Працэс вызначэння рынкавага кошту досыць працяглы, ён патрабуе пэўных падыходаў. Цяпер праведзена папярэдняя праца з ацэнкавымі арганізацыямі, вызначаны ўмовы іх удзелу ў тэндарах, падрыхтоўцы канкурэнтных прапаноў па ўдзелу ў выбары кампаній для ацэнкі пакета акцый», — распавяла дырэктар фонду.

Рыхтуюцца таксама галоўныя фінансавыя дакументы — балансы ААТ па стане на 1 студзеня 2011 года. «Да 15 красавіка мы чакаем зацверджаныя балансы, гэта аснова для працы па вызначэнні балансавага і рынкавага кошту прадпрыемстваў», — адзначыла Наталля Жарнасек.

У 2011 годзе будуць ператвораныя ў акцыянерныя таварыствы 15 прадпрыемстваў са 135 запланаваных на тры гады.

Как вам новость?
Головоломки