Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч у чацвер, 7 кастрычніка, на экстраным сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу заявіў: "Пэўныя сілы ў Расіі хочуць ачарніць усё і ўсіх у Беларусі".
Паводле слоў парламентарыя, гэтыя сілы хочуць «пасварыць даўніх сяброў», напрыклад, «перакрываючы вентыль або выкарыстоўваючы падкантрольныя СМІ», перадае БелаПАН.
Уладзімір Здановіч дадаў, што дэпутаты павінны перарываць асобныя спробы з боку «расійскіх і нашых дамарослых асобаў», якія наносяць шкоду беларуска-расійскім адносінам.
Андрэйчанка: з кантэксту прэзідэнта вырываюцца асобныя фразы
Спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, у сваю чаргу, дадаў, што «у апошні час пад сумнеў ставяцца пытанні стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі». «З кантэксту кіраўніка дзяржавы вырываюцца асобныя выказванні, якія тлумачацца ў негатыўным для Беларусі святле», — адзначыў дэпутат.
У той жа час Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што паміж дзвюма краінамі наладжаны цесныя кантакты, якія спрыяюць стварэнню эканамічнай стабільнасці ў дзвюх дзяржавах. «Ніхто не павінен ставіць пад сумнеў неабходнасць такога супрацоўніцтва. Неабходна, каб дзеянні палітыкаў насілі канструктыўны характар», — заявіў спікер.