Снапкоў: у Беларусі і Літвы падобныя падыходы да развіцця эканомік

21.05.2010 15:20
Архив Редакция

У Беларусі і Літвы падобныя падыходы да развіцця нацыянальных эканомік, заявіў беларускі міністр эканомікі Мікалай Снапкоў 21 траўня на VI Беларуска-літоўскім эканамічным форуме ў Горадні. Па словах старшыні беларускай часткі беларуска-літоўскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, сёння аднаўляюцца традыцыі беларуска-літоўскіх адносін.

Па словах кіраўніка мінэканомікі, «тэзіс аб тым, што суседзі павінны сябраваць, яшчэ больш пацвердзіў сусветны крызіс». Міністр лічыць, што толькі разам можна дамагчыся высокіх вынікаў, і таму заклікаў бізнэсмэнаў абедзвюх краін рабіць сумесныя крокі для развіцця нацыянальных эканомік. «У прынцыпе, падыходы да развіцця эканомік, да кропак росту ў нас вельмі падобныя», — перадае словы Мікалая Снапкова БелТА.
Старшыня літоўскай часткі камісіі, міністр гаспадаркі Літвы Дайнюс Крэйвіс нагадаў пра складаны перыяд, які перажылі абедзве краіны ў сферы эканомікі ў 2009 годзе і пра негатыўныя ўплывы сусветнага эканамічнага крызісу. Але, на яго думку, ні геапалітычныя змены, ні час не могуць разбурыць шматвяковыя культурныя і эканамічныя сувязі Літвы і Беларусі.
Кіраўнікі абедзвюх камісій спадзяюцца, што цяперашні эканамічны форум дасць пэўныя вынікі для дзвюх краін.

Как вам новость?
Головоломки