«Правы альянс» могуць пазбавіць рэгістрацыі

13.09.2010 14:10
Архив Редакция

Недзяржаўную моладзевую арганізацыю «Правы альянс» выклікаюць у Мінскі гаспадарчы суд па іску намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту Дзмітрыя Антаневіча. Суд прызначаны на 12:40 15 верасня. Арганізацыі ставіцца ў віну дзейнасць, што не адпавядае яе статусу.

«Я лічу, што гэты «наезд» на нашу арганізацыю можа быць звязаны з дзвюма рэчамі. Першая — гэта пачатак прэзідэнцкай кампаніі, калі ўлады спрабуюць прыціснуць і абмежаваць любыя грамадскія групы і ініцыятывы. Другая версія — гэта калі ўлічваць пэўную самастойнасць мінскіх чыноўнікаў, то іх раздражніла нашая дзейнасць у барацьбе супраць свабоднага продажу ў Мінску забруджанага опіумам макавага насення. Хутчэй за ўсё, нас пазбавяць рэгістрацыі», — заявіў лідар арганізацыі Юрась Карэтнікаў, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Згодна са статутам, «Правы альянс» займаецца распаўсюдам некамерцыйнай інфармацыі, падтрымлівае дзейнасць моладзі ў адукацыйнай сферы, прадпрымальніцкай дзейнасці, спорце і турызме.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 8 верасня ў сябе дома быў затрыманы актывіст «Правага Альянсу» Ігар Чапіга. Падставай для затрымання маладога чалавека сталі абвінавачанні ў датычнасці да нядаўняй атакі «кактэйлем Молатава» на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама на вуліцы Акрэсціна. Дома ў актывіста міліцыя правяла ператрус, а крыху пазней следчы дапытаў затрыманага.

Как вам новость?
Головоломки