Генеральны дырэктар Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Анатоль Купрыянаў заявіў 24 лютага 2011 года, што азербайджанская нафта, рэгулярная прапампоўка якой па трубаправодзе Адэса-Броды пачалася ў лютым, паступіць на прадпрыемства ў сакавіку. Паводле яго слоў, з трубаправода ўжо выціснулі каля 300 тыс. тон расійскай нафты маркі Urals.
Анатоль Купрыянаў таксама адзначыў, што ў сакавіку ў Адэсу танкерамі даставяць яшчэ 380 тыс. тон азербайджанскай нафты, якая зможа цалкам выціснуць расійскую нафту з трубаправода, перадае БелТА.
Гендырэктар МНПЗ таксама паведаміў, што нафту закупляе Беларуская нафтавая кампанія, якая пастаўляе на давальніцкіх умовах. Прадпрыемства можа атрымаць прыбытак толькі за перапрацоўку нафты, падкрэсліў Анатоль Купрыянаў.