Лукашэнка: паміж дзяржавай і Касцёлам супярэчнасцяў няма

08.10.2010 16:33
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 кастрычніка на сустрэчы з папскім легатам кардыналам Ёзэфам Томкам заявіў, што паміж уладамі і Каталіцкай царквой склаліся добрыя адносіны. «Не памятаю, каб у нас былі супярэчнасці паміж канфесіямі, дзяржавай і канфесіямі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы стараемся падтрымліваць мір, таму што гэта аснова стабільнасці дзяржавы. А без стабільнасці не можа быць ні дабрабыту, ні росквіту. У гэтым сэнс усёй нашай палітыкі і ўзаемаадносін нашага кіраўніцтва, уладаў, у тым ліку і з каталіцкім касцёлам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

Па яго слова, Каталіцкая царква можа не турбавацца за сваё становішча ў Беларусі. «Мая палітыка абсалютна шчырая ў дачыненні да каталіцкай царквы», — дадаў ён.

Прэзідэнт таксама папрасіў кардынала перадаць падзяку Папу Рымскаму Бенедыкту XVI за тое, што той даслаў у Беларусь «свайго найбліжэйшага спадзвіжніка і паплечніка». «Спадзяюся, што ў вас застануцца добрыя ўражанні аб нашай краіне і нашым народзе. Хацеў бы пажадаць працвітання вашай царкве, і каб мы ніколі не мелі ніякіх праблемаў, як не маем іх і цяпер з каталіцкім касцёлам, таму што сотні тысяч нашых суайчыннікаў належаць да гэтай канфесіі», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

«Нашы каталікі вельмі прынцыповыя, сумленныя і вельмі веруючыя людзі. Урад і я абавязаны ўлічваць гэты фактар», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Прашу перадаць майму добраму, я спадзяюся, сябру, Папу Рымскаму Бенедыкту XVI найлепшыя пажаданні. Я вельмі добра памятаю ўсе моманты нашай сустрэчы і нашу размову. Усе падарункі Папы Бенедыкта XVI знаходзяцца на самым бачным месцы, і хто б ні заходзіў да мяне ў дом, яны бачаць гэтыя падарункі», — распавёў кіраўнік дзяржавы.

Ёзэф Томка таксама перадаў найлепшыя пажаданні Папы Рымскага кіраўніку Беларусі і ўсяму беларускаму народу. «Адчуваю, што прыехаў у выдатную сям’ю», — адзначыў ён. «Я вельмі ўсцешаны тым, што знаходжуся тут у якасці спецыяльнага прадстаўніка Папы Рымскага», — падкрэсліў кардынал.

У той жа час, як раней паведамляў Тэлеграф, у 2007 годзе кіраўніку Беларусі быў накіраваны зварот з больш чым 30 тысячамі подпісаў за вяртанне Касцёла святога Язэпа вернікам, аднак з пачатку 2010 года вядуцца працы па пераабсталяванні касцёла ў гатэль.

Візіт папскага легата Ёзэфа Томка прымеркаваны да святкавання 300-годдзя асвячэння Мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Как вам новость?
Головоломки