Створаны пры адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі грамадска-кансультацыйны савет (ГКС) набраў дастатковую вагу ў беларускім грамадстве для прадстаўлення інтарэсаў краіны на Форуме грамадзянскай супольнасці палітыкі Еўрасаюза "Усходняе партнёрства". Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Уладзімір Макей.
Форум ЕС пройдзе 18 — 19 лістапада ў Берліне. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта паведаміў, што ГКС прыняў рашэнне ў найбліжэйшы час накіраваць адпаведную прапанову на форум і еўракамісару па пытаннях пашырэння Штэфану Фюле, перадае БелаПАН.
Пры гэтым Уладзімір Макей выказаў упэўненасць у тым, што арганізатары Форуму пры вынясенні рашэння павераць у тое, што ГКС мае вагу ў беларускім грамадстве і з яго пазіцыяй лічацца ў працэсе прыняцця дзяржаўных рашэнняў.
Конкурс заявак на ўдзел у другой сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасці палітыкі Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» быў адкрыты ў канцы траўня. Прадстаўнікі трэцяга сектару (аб’яднанні працаўнікоў і наймальнікаў, недзяржаўныя арганізацыі і аналітычныя цэнтры) Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны маглі накіроўваць дакументы на конкурс да 2 ліпеня.
У сувязі з гэтым, член ГКС, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак не выключыў, што ГКС будзе адмоўлена ва ўдзеле па фармальнай прычыне, якая затым будзе трактавана не на карысць ГКС.
Разам з тым, міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў заявіў, што нягледзячы на магчымую адмову сама падача заяўкі на ўдзел дэманструе гатоўнасць ГКС да супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства.