Апазіцыя павіншавала беларусаў з 19-годдзем незалежнасці

26.08.2010 09:01
Архив Редакция

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч 25 жніўня выступілі з сумеснай заявай з нагоды 19-годдзя незалежнасці Беларусі. На думку апазіцыйных палітыкаў, "шлях да сапраўднай незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі — гэта шлях у аб'яднаную Еўропу".

«19 гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет Беларусі надаў юрыдычную сілу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў заяве. — Набыццё Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці сталася вынікам шматвяковай барацьбы за нацыянальнае самавызначэнне беларускага народа, дэманстрацыяй усведамлення беларусаў сябе ў якасці палітычнай нацыі, а таксама крокаў на шляху выбару нашай краінай еўрапейскага ўзору развіцця».

Як пішуць апазіцыйныя палітыкі, Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце зацвердзіла прыхільнасць Беларусі прынцыпам прававой дзяржавы і падзелу галін улады. Дакумент таксама заявіў аб намеры забяспечыць ужыванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, захаванне нацыянальных традыцыяў і гістарычнай сімволікі, перадае «Беларускі партызан».

Тым не менш, адзначаецца ў заяве, многія палажэнні Дэкларацыі так і не былі ўвасоблены ў жыццё. «З 1994 года ў Беларусі выбудаваная аўтарытарная мадэль дзяржавы, якая парушае правы і свабоды беларусаў, грэбуюе народным волевыяўленнем і ўсяляк стрымлівае развіццё дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці», — пішуць Янукевіч і Мілінкевіч.
 
«Сучасная суверэнная еўрапейская дзяржава — гэта дэмакратычная дзяржава, у якой улада ажыццяўляецца народам, а не дыктатарам, які узвысіўся па-над усімі. Такая дзяржава ўдзельнічае ў агульнаеўрапейскіх ініцыятывах, якія будуюцца на прынцыпах павагі да правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў. Незалежнасць Беларусі, пабудова дэмакратыі і еўрапейскі напрамак развіцця нашай краіны — узаемазвязаныя каштоўнасці», — заяўляюць лідары Партыі БНФ і Руху «За Свабоду».

Как вам новость?
Головоломки