Дзясятага сакавіка беларускія апазіцыйныя палітыкі сустрэліся з кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы падкрэсліў, што “Польшча можа быць не толькі паслом беларускіх інтарэсаў у ЕС, але і выступаць у ролі прамоўтара Беларусі ў Еўропе”.
Па словах Радаслава Сікорскага, каб Польшча адстойвала беларускія інтарэсы ў Еўропе трэба, каб афіцыйны Мінск пачаў рабіць крокі насустрач.
Міністр падкрэсліў, што Польшча паслядоўна выступае супраць самаізаляцыі Беларусі, за яе далучэнне да агульнаеўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку і праз удзел у праграме «Ўсходняга партнёрства».
«Ключавым момантам у нашай адзнацы будуць мясцовыя выбары. Гэта будзе своеасаблівы тэст, ад якога будзе залежыць узровень супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і Беларуссю», — паведаміў кіраўнік МЗС Польшчы, паведамляе “Беларускі партызан”.
Радаслаў Сікорскі таксама адзначыў, што адмысловую заклапочанасць польскага боку выклікае сітуацыя вакол Саюза палякаў Беларусі і працяг неабгрунтаваных рэпрэсій у дачыненні да яго актывістаў і кіраўніцтва.
Па выніках сустрэчы міністр замежных спраў Польшчы выказаў салідарнасць з усімі палітычнымі сіламі Беларусі, якія змагаюцца за найхутчэйшае правядзенне дэмакратычных трансфармацый і вяртанне краіны ў сям’ю вольных еўрапейскіх народаў.
У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі Зміцер Дашкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандр Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Аляксей Янукевіч.